Апора будучага нашай краіны
20 жніўня прайшла 45-я справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Са справаздачай аб дзейнасці раённай арганізацыі БРСМ за 2021-2025 гады і стратэгіяй развіцця на 2026-2030 гады выступіла першы сакратар райкама Вікторыя Бяляева.
«Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы з актывам БРСМ напярэдадні 105-годдзя камсамола, “вы выраслі ў новай незалежнай краіне, вы – апора дзяржавы. Ад вас залежыць ягоная будучыня, ягоныя перспектывы, эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял”, – падкрэсліла маладзёжны лідар. – Па ўсёй рэспубліцы нас амаль 400 тыс. юнакоў і дзяўчат, або кожны чацвёрты, якія размеркаваны па чатырох асноўных сацыяльных групах – школьнікі, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, студэнты, працоўная моладзь. Шумілінская раённая арганізацыя БРСМ налічвае 41 пярвічную арганізацыю, якая аб’ядноўвае ў сваіх радах 549 членаў, што складае 26% ад агульнай колькасці моладзі раёна. Колькасць працуючай моладзі дасягнула 270 чалавек (32 пярвічныя арганізацыі), школьнікаў – 279 чалавек (9 пярвічных арганізацый)».
Задачы Саюза моладзі рэалі зуюцца па асноўных напрамках дзейнасці, вызначаных Стратэгіяй развіцця БРСМ да 2025 года, прынятай на 44-м з’ездзе, – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, арганізацыя другаснай занятасці (студатрадаўскі рух), валанцёрскі рух «Добрае сэрца», культурна-забаўляльная дзейнасць, здаровы лад жыцця, падтрымка адоранай і таленавітай моладзі, прававое выхаванне, работа ў інтэрнэтпрасторы і са сродкамі масавай інфармацыі, развіццё маладзёжных атрадаў правапарадку.
Праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія рэалізуюцца ў Шумілінскім раёне, – «Аднаўленне святыняў Беларусі», акцыі «У школу з Добрым Сэрцам», «Цуды на Каляды», «Падзяліся цяплом душы сваёй», «Прыбяром снег разам» і многія іншыя – цікавы як моладзі, так і старэйшаму пакаленню. Падобныя мерапрыемствы заўсёды запатрабавальныя.
На Шуміліншчыне праходзіць акцыя «Падары немаўляці вышыванку». Штогод напярэдадні Дня Канстытуцыі ў раёне ўручаюць галоўны дакумент грамадзяніна – пашпарт – у рамках Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі». Раённым камітэтам арганізуюцца чэмпіянаты па хуткаснай зборцы спілс-карт Рэспублікі Беларусь «Ведаю Беларусь».
Актывісты раённай арганізацыі бралі актыўны ўдзел у трох выбарчых кампаніях. Яны збіралі подпісы, удзельнічалі ў рабоце ўчастковых камісій, былі назіральнікамі на ўчастках для галасавання, праводзілі сацыялагічныя апытанні.
Пра работу сваіх пярвічных арганізацый расказалі дэлегаты канферэнцыі лідары пярвічак Ганна Галынчык (СШ № 1 г. п. Шуміліна), Яўген Баравікоў (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях) і Лаліта Шкулава (ЦРБ).
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук, які браў удзел у канферэнцыі падкрэсліў, што поспех любой арганізацыі залежыць ад кожнага яе члена, ад яго крэатыўнасці, ад таго, як актыўна будуць папаўняцца рады арганізацыі моладдзю раёна. «Вам, маладым, трэба жыць і працаваць так, каб быць запатрабаванымі грамадствам, – падкрэсліў Руслан Алегавіч. – Вам, маладым, будаваць нашу краіну і толькі ад вас залежыць, якой будзе наша краіна».
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Аксана Талстая звярнула ўвагу на тое, што моладзь павінна быць больш ініцыятыўнай, згуртаванай і запрасіла ўсіх удзельнікаў канферэнцыі папоўніць рады раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
Вікторыя Бяляева ўручыла грамату райкама БРСМ аддзелу па адукацыі райвыканкама – за плённае супрацоўніцтва і Дар’і Шпакавай – за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Дэлегаты канферэнцыі прызналі работу раённай арганізацыі за справаздачны перыяд здавальняючай, абралі новы склад раённага камітэта ГА БРСМ і раённай кантрольнай камісіі, прынялі зварот да моладзі раёна.
Дэлегатамі абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі былі абраны Вікторыя Бяляева і старшыня Маладзёжнага парламента пры Шумілінскім раённым Савеце дэпутатаў Дар’я Шпакава.
Прайшло першае пасяджэнне раённага камітэта ГА БРСМ, на якім першым сакратаром райкама ГА БРСМ абрана Вікторыя Бяляева.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.







