Дзіцячая бяспека: што залежыць ад бацькоў
Да канца летніх канікулаў застаюцца лічаныя дні, хутка дзеці пойдуць у школу. Ратавальнікі нагадваюць: не варта забываць, што задача дарослых – зберагчы дзяцей ад неабдуманых учынкаў, і ў чарговы раз нагадваюць асноўныя правілы бяспекі.
Ці ўмее дзіця паводзіць сябе, ці ведае правілы бяспекі – гэта тое, пра што неабходна пагаварыць у першую чаргу.
Дзіця малодшага школьнага ўзросту павінна ведаць дамашні адрас і нумар тэлефона. Навучыце дзіцяці карыстацца мабільным тэлефонам, каб пры неабходнасці яно магло патэлефанаваць у службу экстраннай дапамогі, а таксама вам на работу.
Каля тэлефоннага апарата, на бачным месцы, замацуйце ліст паперы з усімі неабходнымі нумарамі. Раскажыце дзіцяці, пры якіх абставінах імі можна скарыстацца.
Растлумачце дзіцяці, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу і клікаць на дапамогу, ні ў якім разе нельга хавацца.
Запалкі і запальніцы захоўвайце ў недаступных для дзяцей месцах.
Не дазваляйце свайму дзіцяці самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі, паліць печы.
Калі ёсць магчымасць, даручыце старэйшым дзецям
прыглядаць за малодшымі.
Ні пры якіх умовах не пакідайце без нагляду малалетніх дзяцей.
Вядома, немагчыма прадугледзець усе сітуацыі і даць парады на ўсе выпадкі жыцця, але навучыць дзіця быць асцярожным можна і трэба. І ніхто не зможа зрабіць гэта лепш за бацькоў. Увага, любоў і клопат – лепшыя сродкі для абароны вашага малога ад магчымай бяды.
І памятайце: дзіця заўсёды глядзіць на вас. Таму няхай ваш прыклад захавання і выканання правілаў бяспекі навучыць яго і падорыць яму здаровае, шчаслівае і бяспечнае дзяцінства.
Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар РАНС.

