Насычаным атрымаўся візіт у Шумілінскі раён 25 жніўня члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь генеральнага дырэктара «Цэнтра культуры «Віцебск» Глеба Лапіцкага. Сенатара суправаджалі ў паездцы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і старшыня Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў член Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Дар’я Шпакава.
Глеб Лапіцкі прыняў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Збяром дзяцей у школу!” і наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Шуміліне. Дзеці правялі экскурсію па дому, падзяліліся сваімі планамі і марамі. Маці-выхавальніца Ірына Загвоздава расказала пра работу, пра дзяцей, для якіх яна стала мамай. Размова прадоўжылася падчас чаявання з яблычным пірагом, якім частавалі гасцей выхаванцы, і тортам, які прывезлі госці. Дзеці вельмі радаваліся падарункам, якія спатрэбяцца ў школе.
У Мікалаеўскім сельсавеце Глеб Лапіцкі правёў выязны прыём грамадзян. На прыём звярнулася жыхарка вёскі Мікалаева, якая паскрадзілася на тое, што з-за маруднага афармлення пашпарта шматкватэрнага дома, у якім жыве заяўніца, не вырашаецца пытанне па падключэнні жылога дома да электраацяплення. Другі зварот тычыўся будаўніцтва аўтамыйкі ў завулку Юбілейны г. п. Шуміліна. Жыхары завулка паскардзіліся, што іх ніхто не папярэдзіў пра ўзвядзенне новага аб’екта, які, на іх думку, знаходзіцца блізка да іх участкаў і пагоршыць умовы жыцця. Пытанні будуць накіраваны ў адпаведныя структуры, вывучаны, заяўнікі атрымаюць пісьмовыя адказы.
Пасля прыёму грамадзян сенатар сустрэўся з актывам Мікалаеўскага сельсавета, дзе расказаў пра работу ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, задачах, якія стаяць перад законатворцамі. Глеб Лапіцкі паведаміў пра праекты законаў, над якімі працуюць у Парламенце, пра сустрэчы з жыхарамі раёнаў, якія ён прадстаўляе ў Савеце Рэспублікі.
Сенатар наведаў Кардонскую сярэднюю школу імя Героя Беларусі А. І. Дубко, пазнаёміўся з дзейнасцю ўстановы адукацыі. Ён уручыў падарункі вучням школы, якія вызначыліся ў вучобе, грамадскай і працоўнай дзейнасці.
Глеб Аляксандравіч таксама прыняў удзел у выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, які праходзіў у аграгарадку Кардон Мікалаеўскага сельсавета.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ






