Падтрымалі абвінавачанне па факце ўтойвання падзяжу
Кіраўнік арганізаваў утойванне падзяжу 21 галавы буйной рагатай жывёлы: пракуратура Шумілінскага раёна падтрымала дзяржабвінавачванне па крымінальнай справе.
Пракуратура Шумілінскага раёна ў выязным судовым пасяджэнні падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе ў адносінах да кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства – яму інкрымінавана арганізацыя службовага падлогу. Разгляд справы адбыўся ў будынку Шумілінскага райвыканкама ў прысутнасці работнікаў аграрных прадпрыемстваў і спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Згодна з матэрыяламі справы, дырэктар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў арганізаваў складанне заведама лжывых дакументаў, у якіх не адлюстроўваліся звесткі аб падзяжы буйной рагатай жывёлы. Такім чынам, названая службовая асоба за перыяд са студзеня па красавік 2025 года з мэтай утойвання ад уліку падзяжу пагалоўя даваў падначаленым яму кіраўнікам ферм указанні аб унясенні ў штомесячныя справаздачы аб руху жывёлы і птушкі, іншыя афіцыйныя дакументы заведама лжывых звестак, у выніку чаго схаваў інфармацыю аб падзяжы 21 галавы.
Мэта – імкненне пазбегнуць прыцягнення да матэрыяльнай адказнасці за нанесеную гаспадарцы шкоду ў выніку падзяжу, а таксама жаданне схаваць недахопы і хібы ў рабоце, стварыць бачнасць паспяховай работы.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Шумілінскага раёна пастанавіў абвінаваўчы прыгавор. На падставе часткі 4 артыкула 16, часткі 2 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абвінавачваемаму прызначана пакаранне ў выглядзе штрафа ў памеры 350 базавых велічынь (14700 рублёў). Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.
Антон ГАРОХАЎ, пракурор Шумілінскага раёна, саветнік юстыцыі

