«Не смотри в паспорт — у тебя лучший возраст!» – советует всем Татьяна Корнилович из Шумилино

Мир увлечений Общество

Не  глядзі  ў  пашпарт  – у  цябе  лепшы ўзрост!

Лёгкая хада, маладжавая постаць, пачуццё стылю, абавязковы манікюр… Хіба можна прадставіць Таццяну Пятроўну КАРНІЛОВІЧ з райцэнтра інакш? Для тых, хто не ведае, дададзім, што яна яшчэ захапляецца рыбалкай, ездзіць на скутары і з’яўляецца актывістам (адказным сакратаром) раённай ветэранскай арганізацыі.

Сама Таццяна Карніловіч усміхаецца, што нарадзіцца актывістам – гэта абсалютна пра яе. Яшчэ ў школе (заканчвала СШ № 2) была вядучай усіх мерапрыемстваў, у інстытуце – старастай групы. Дзе б ні працавала (сектар уліку райкама камсамола, аддзел кадраў ПМК‑25 і прафсаюзны лідар) –  заўсёды з агеньчыкам, ідэямі і прапановамі. Такая ж і цяпер.

Прозвішча Таццяны Карніловіч у раёне ведаюць многія, бо яна пастаянны ўдзельнік многіх мерапрыемстваў і акцый. Чытае вершы, дапамагае арганізоўваць выставы, разам з ветэранамі працы прыбірае брацкія пахаванні, саджае дрэвы, удзельнічае ў конкурсах. Заўсёды пазітыўная, яна жадае дабра людзям і адносіцца да кожнага з павагай.

«Ніколі нікога не асуджаю і не зайздрошчу – гэта, напэўна, і дапамагае ў жыцці, – кажа Таццяна Пятроўна. – Я не ўнікальная, я звычайная. Не жыла ў раскошы. Маці мяне гадавала адна, бацька памёр, калі мне быў годзік. Пашанцавала з добрай фігурай – іду, бывала, у паркалёвай сукенцы, і на мяне звяртаюць больш увагі, чым на тых, хто ў аксаміце. З дзяцінства маю добры густ, манікюр са школы раблю сама, люблю выглядаць прыгожа. Да касметолагаў не хаджу, маскі для твару не раблю, вочы і вейкі таксама фарбую рэдка, бо маю праблемную скуру. Я заўсёды ў руху, сядзець без справы на лавачцы – гэта не пра мяне. Ёсць вадзіцельскае пасведчанне на скутар, саджуся – і на дачу ў Башні. Езджу на ім нават да Віцебска і Бешанковічаў. Я патрыёт сваёй радзімы, ганаруся тым, што па жыцці мне шанцуе на добрых людзей. Задаволена сённяшнім жыццём, не ў маім характары транжырыць грошы – пенсіі мне хапае. Стараюся рабіць усё сама, не надакучаць сыну і дачцэ. Не звяртаю ўвагі на гады – я ў такім узросце, што можна дазволіць сабе літаральна ўсё, і гэта радуе. Люблю частаваць людзей фруктамі з агарода і рыбай, ездзіць на канцэрты і балет, глядзець і чытаць дэтэктывы».

Разам з тым у жыцці жанчыны не ўсё было так бязвоблачна, як можа камусьці падацца. Доўгі час даглядала свякроў, потым – цяжка хворага мужа. І калі ён пайшоў з жыцця ў адзін год з зяцем і пляменнікам – гэта быў моцны ўдар. Перажыць было цяжка. І Таццяна Пятроўна пайшла да людзей – на гурток у ЦВР. Яна малявала. Спалучэнне колераў фарбы давалі нейкую асаблівую энергію і заспакаенне. Карціны атрымліваліся прыгожымі, хаця яна зусім не мастак. Потым выручала вязанне шкарпэтак, якія ўсе раздарыла.

Ва ўсе часы аддушынай была і ёсць дача ў Башнях. Яна там вырошчвае гладыёлусы, бягоніі, петуніі, гартэнзіі і іншыя кветкі. Але самая вялікая любоў, якая надае сіл, – рыбалка. Ёсць свая пластыкавая лодка, выратавальная камізэлька, спінінгі і вуды. Сёлетні летні ўлоў – 13 шчупакоў за дзень. Тут жа, на рыбалцы, сустрэла і сваё другое каханне. Не думала, што яшчэ паспытае шчасце, а яно прыйшло. Праўда, ненадоўга. Праз тры гады любімы чалавек пайшоў з жыцця… Пасля гэтага ўдару, зноў жа, ратавала рыбалка, дача, маляванне акварэллю, падтрымка родных.

З вясны да восені Таццяна Карніловіч на дачы, асвоіла трымер і  газонакасілку, разам з суседзямі даглядае ўчастак былога калгаснага сада. Дбае пра прыгажосць і парадак як у Башнях, так і Шуміліне, лічыць, што кожны павінен клапаціцца пра свой край.

 ПАРАДЫ  АД  ТАЦЦЯНЫ  КАРНІЛОВІЧ:
 – Калі наступае залаты ўзрост, не засмучайцеся – гэта ўсяго толькі лічбы. Варта па-філасофску адносіцца да жыцця і разумець, што гэта непазбежны факт. Варта радавацца таму, што дажыў да гэтага перыяду, бо шанцуе не ўсім, і знаходзіць пазітыўнае ў кожным дні. Думайце, што залаты ўзрост – другая маладосць. Галоўнае – не замыкацца ў сабе і знайсці занятак па душы, які будзе акрыляць, надаваць сіл і не даваць старэць душой. Пашпарт? Не глядзі туды – у цябе лепшы ўзрост!

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *