Інтэлектуальны батл. Усё пра восень ведае каманда «Саюз»
Прайшоў трэці тур інтэлектуальных спаборніцтваў «Гульні розуму», тэмай якога сталі восеньскія матывы.
Паспаборнічаць у батле сабраліся сем каманд прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Падчас першага этапа «Свая гульня» каманды з лёгкасцю адказвалі на пытанні тэмы «Паэты пра насякомых», а вось легенды пра жывёл і адказы на пытанні пра фальклор ведалі не ўсе. Другі этап гульні – брэйн-рынг – складаўся з 20 пытанняў. Яны тычыліся гісторыі, геаграфіі, мастацкіх твораў, прыказак і прымавак, фільмаў і казак. Пасля некалькіх секунд роздуму трэба было адказваць – вось тут і выявілася, хто ўмее працаваць у камандзе.
Па выніках двух этапаў перамогу атрымала зборная каманда «Саюз»
Слабадской, Обальскай і Башнёўскай школ. Крыху адстала каманда «Нядрэнная кампанія» СШ №1.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы цэнтр культуры, райкам ГА БРСМ і раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру». Іх прадстаўнікі уручылі камандзе-пераможцы дыплом.
Між іншым, нагадаем, што «Саюз» быў пераможцам фінальных гульняў «Гульні розуму-2024». Ці паўторыць каманда свой мінулагодні поспех? Шансы ёсць вялікія.


