Няма ўзросту ў тых, хто шчаслівы!
Дзень мудрасці і вопыту, дабра і павагі – так называюць Дзень пажылых людзей, які 1 кастрычніка адзначаецца ў нашай краіне. З гэтай нагоды ў раённым цэнтры культуры ладзіўся канцэрт «Няма ўзросту ў тых, хто шчаслівы!».
Фае РЦК гасцінна запрасіла на выставу “Ветэранскія дажынкі”. Чаго тут толькі ні было! “Кошык прадуктовай бяспекі” прывезла ветэранская арганізацыя ААТ “Прыазёрны мір», аптэку з агарода – Мішневіцкага сельсавета, царом-гарбузом хваліліся ветэраны райбальніцы, “Восеньскае асарці” сабрала пярвічка СУП «Лаўжанскае», «Кошык святла і радасці» прыбыў на свята разам з ветэранамі Каўлякоўскага сельсавета, вырашчанай агароднінай хваліліся прадстаўнікі ОКЗ.
Першае месца ў “Ветэранскіх дажынках” прысуджана пярвічнай арганізацыі СУП “Лаўжанскае”, другое – пярвічкам ААТ “Прыазёрны мір” і Мішневіцкага сельсавета, трэцяе – ЦРБ і Каўлякоўскага сельсавета.
Далей урачыстасці прадоўжыліся ў канцэртнай зале. Усіх прысутных павіншавала старшыня райвыканкама Ірына Шалахава: «Дазвольце ў гэты дзень павіншаваць вас з днём залатой восені, з днём залатога ўзросту, з днём людзей, якія ўмеюць жыць ярка. Вы паказваеце ўсім, што самае галоўнае – чалавечая цеплыня, душэўнасць, сям’я, сябры. Зычу ўсім здароўя, дабрабыту і пазітыўных эмоцый».
Пра пераемнасць пакаленняў, актыўнасць людзей залатога ўзросту гаварыла падчас віншавання старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, яна ўручыла граматы актывістам і сацыяльным партнёрам.
Усе прысутныя ў зале мелі магчымасць вярнуцца ў часы маладосці, згадаць песні савецкіх часоў і падпяваць іх. Канцэртныя нумары, якія падабралі работ нікі РЦК, былі прасякнуты душэўнасцю, цеплынёй і пазітывам!
“Маладосць сэрца”
На свяце былі агучаны вынікі фотаконкурсу «Маладосць сэрца», арганізаванага ТЦСАН і рэдакцыяй газеты “Герой працы” ў сацыяльных сетках раённага СМІ. Першае месца прысуджана фотакалажу Ліліі Барадзёнак з Шуміліна, другое – Жанны Кляцко з Обалі, трэцяе – Святланы Балашэўскай з Саладух і Уладзіміра Мулькова з Обалі. Прыз сімпатый гледачоў (і сертыфікат на падпіску на раённую газету) па выніках ацэнак у сацыяльных сетках дастаўся фотаздымку Галіны Міглан з райцэнтра. Дыпломы і падарункі ўручылі дырэктар ТЦСАН Таццяна Донюш і галоўны рэдактар газеты «Герой працы» Алена Карпушэнка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.






