На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў пад старшынствам кіраўніка дэпутацкага корпуса Мікалая Будневіча абмеркавалі, як арганізавана прафарыентацыйная работа з вучнямі, абслугоўванне вяскоўцаў бібліятэкай-аўтамабілем і сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва РЦК.
Нам патрэбны маладыя кадры
У раёне выпрацавана сістэмная работа па прафарыентацыі вучняў. Праводзяцца кірмашы мэтавай падрыхтоўкі з удзелам арганізацый-заказчыкаў кадраў, шырокія магчымасці для выбару прафесіі дзевяцікласнікам адкрывае штогадовы прафарыентацыйны злёт, адзначыла ў дакладзе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. Мерапрыемствы дазваляюць павышаць папулярнасць і сацыяльную значнасць рабочых прафесій і спецыяльнасцей. Найбольш запатрабаванымі для выпускнікоў 9 класа з’яўляюцца тэхнічныя спецыяльнасці, звязаныя з сельскай гаспадаркай, сферай паслуг, педагогікай. Для выпускнікоў 11 класа – медыцынскія, педагагічныя і тэхнічныя спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Паказчыкам эфектыўнай работы з вучнямі з’яўляецца выбар заказчыка. Так, сёлета выпускнікам 9 і 11 класаў выдадзены 42 мэтавыя накіраванні (летась 38).
Для адукацыі важна і саміх сябе забяспечыць кадрамі, адзначыла Аксана Талстая, і гэтаму надаецца вялікая ўвага – сёлета заключана 17 мэтавых дагавораў, што амаль у два разы больш, чым летась. Разам з тым гэтага недастаткова – пастаўлена задача кожны год заключаць не менш як па дваццаць мэтавых дагавораў.
Па эфектыўнай прафарыентацыйнай рабоце і заключэнні мэтавых дагавораў адзначаны Башнёўская БШ і Мікіціхінская СШ. У той жа час няма выпускнікоў, накіраваных для атрымання адукацыі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнага профілю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, у Мішневіцкай БШ і Кардонскай СШ. Важна весці тлумачальную работу як з вучнямі, так і з іх бацькамі, акцэнтаваў увагу Мікалай Будневіч, бо пра забеспячэнне кадрамі ва ўсіх сферах трэба дбаць і кіраўнікам арганізацый.
Як працуе бібліятэка на колах
Загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова расказала пра 15 маршрутаў бібліёбуса, які абслугоўвае 64 населеныя пункты і кніжны фонд якога складае 2000 экзэмпляраў. Сёлета яго работнікі абслужылі больш за 600 чытальнікаў. На вёскі выязджае не толькі бібліёбус, але і работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва РЦК (аўтаклуба), у зону абслугоўвання якога ўваходзяць 50 вёсак (пражывае 1825 чалавек). Работнікі аўтаклуба правялі 165 мерапрыемстваў (канцэрты, акцыі, клубныя сустрэчы, гульнявыя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні). Рэалізоўваецца сумесны праект аўтаклуба і бібліёбуса «Падарожжа па часе па Шумілінскім раёне».
Па абмеркаваных пытаннях прыняты пастановы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

