Сцэнарыі – у бок, галоўны план – адпачыць у задавальненне
У мінулую пятніцу ў фае цэнтра культуры ў нефармальнай абстаноўцы прафесійнае свята адзначылі работнікі сферы культуры Шуміліншчыны. Без урачыстых канцэртаў, але з душой, любоўю і павагай да сваёй прафесіі. За кубачкам гарбаты з духмянымі пачастункамі адзін аднаго павіншавалі спевакі і музыканты, майстры Дома рамёстваў, педагогі Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў і Обальскага філіяла, музейныя і бібліятэчныя работнікі і ўсе датычныя.
На святочным мерапрыемстве ўшанаванне лепшых з віншавальнага слова пачала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Дыплом Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Ірына Іванаўна ўручыла майстру Наталлі Сцержанковай, якая стала лаўрэатам ІІІ ступені ў намінацыі «Лепшы сноп» на абласной выставе-конкурсе «Ад зерня да каравая» ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі-2025» у Чашніках. Ад кіраўніцтва ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Шумілінскі раён сёлета быў узнагароджаны дыпломам за 2-е месца ў конкурсе-прэзентацыі тэматычных брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў вобласці ў рамках XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску.
Цырымонію ўзнагароджання прадоўжыла загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова. Ганаровыя граматы сектара культуры райвыканкама яна ўручыла Святлане Дземідзенка, Андрэю Трафімаву, Ілоне Карнілавай. Падзякамі за шматгадовую добрасумленную працу былі адзначаны Вольга Сцепаненка і Надзея Васільева, Надзея Лазука, Алена Рапіцкая. Прафсаюзны лідар работнікаў культуры Алена Сініцкая ўручыла Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Обальскаму філіялу Шумілінскай ДШМ.
Адпачываць культработнікі ўмеюць таксама добра, як і працаваць. На чаяванні панавала неверагодная атмасфера рэлаксу. Усе адчувалі сябе, як дома, дыхалі адным паветрам свята і творчасці. Віноўнікі ўрачыстасці спявалі песні, адгадвалі мелодыі, падтанцоўвалі, віншавалі юбіляраў, гулялі ў гульні, смяяліся і плакалі ад смеху і радасці.
Самай яркай часткай музычнага квіза стала ўручэнне «Оскараў па-нашаму» з індывідуальнымі намінацыямі і жартоўнымі прызамі. Па сакрэце раскажу, што захапленне і бурныя авацыі выклікалі гумарыстычныя фармулёўкі «Не дыхайце на шэдэўры» (Таццяна Цэрах), «Вітамін культуры» (Лідзія Барадзёнак), «Галоўны партызан раёна» (Таццяна Кравец), «Двое з куфэрка, аднолькавыя з твару» (Мікалай Маргелаў і Павел Кляменцьеў), «Жанчына, якая спявае і руліць» (Кацярына Сідарэнка) і «Жанчына, якая проста руліць не толькі аўтамабілем, але і ўсёй культурай раёна» (Ірына Ласянкова). У завяршэнне сустрэчы культработнікі РЦК выканалі песню-клятву «Будзем служыць культуры». Бо, як сказаў вядомы французскі пісьменнік Андрэ Маруа, «культура – гэта тое, што застаецца, калі ўсё забыта».
Дар’я ЧАПУРНОВА.

