Нашы дзеці – лепш за ўсіх!
У СШ № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна прайшла сямейная шоу‑праграма «Лепш за ўсіх!», прысвечаная Тыдню бацькоўскай любові.
Яркае мерапрыемства, якое праводзіцца ў школе другі год запар, сабрала самых творчых вучняў. Дзеці пачатковай школы прадэманстравалі свае таленты, а таксама даказалі гледачам, што яны – лепш за ўсіх! Бацькі, педагогі і рабяты, якія прыйшлі падтрымаць юных артыстаў, гучна сустракалі ўдзельнікаў шоу, ствараючы цёплую і сяброўскую атмасферу ў актавай зале.
Вучань 2 «А» класа Глеб Бурлакоў разам з мамай Крысцінай здзіўляў гледачоў вопытамі і фокусамі. Юны чараўнік падзяліўся сваімі сакрэтамі ў галіне магіі. Вельмі запомніўся гледачам яго фокус «Вулкан з пены».
Аднакласнік Глеба Мікіта Жогаль уразіў усіх сваімі ведамі пра Тытанік, распавёўшы цікавыя факты пра лайнер, яго трагедыі і наступныя даследаванні. Акрамя гэтага, Мікіта падзяліўся сваімі марамі пра мора і вялікае плаванне. Яшчэ адно захапленне хлопчыка – канструктар Лега. З сабой Мікіта прынёс два караблі, адзін з якіх – дакладная копія Тытаніка.
Паліна Базар з 2 «Б» класа займаецца вакалам з педагогам Наталляй Філіпавай, марыць выступаць на сцэне і стаць артысткай. У свае 7 гадоў яна – сапраўдная зорка!
Цімафей Баранаў з 2 «В» класа – аматар павукоў, матылькоў і іншых насякомых, эксперт па гудзенні і стракатанні, самы маленькі энтамолаг школы. У хлопчыка цэлая калекцыя насякомых, якіх ён лепіць з пластыліну. Гледачам вельмі запомніўся вялікі металічны драўняны птушкаед.
Вольга Іваноўская, вучаніца 2 «Г» класа, марыць стаць вядомым харэографам. Так эмацыянальна ў яе ўзросце не танцуе, напэўна, ніхто! Дзяўчынка старанна займаецца ў танцавальным калектыве «Пчолкі» РЦК пад кіраўніцтвам Дар’і Сцяпанавай.
Серафім Зуеў і Ілья Ананьеў з 4 «Б» класа не першы год займаюцца футболам у аб’яднанні па інтарэсах «Гуляем у футбол» (кіраўнік Сяргей Сахончык) і ўжо паспелі заваяваць некалькі медалёў. Хлопцы расказалі пра сваё захапленне і прадэманстравалі спартыўныя ўменні.
Завяршылася конкурсная праграма выступленнем удзельніцы мінулага года
Дар’і Ляхавай, якая выканала песню «Гэта мая сям’я».
Усе ўдзельнікі праграмы былі ўзнагароджаны памятнымі медалямі шоу «Лепш за ўсіх!» і салодкімі прызамі.
СЛОВА – АРГАНІЗАТАРУ
– Такія конкурсы вельмі падабаюцца дзецям. Яны даюць магчымасць паказаць свае ўменні, дораць натхненне для далейшага развіцця, – падзялілася сваімі думкамі арганізатар і вядучая мерапрыемства Вольга Барабанава. – Спадзяемся, што конкурс «Лепш за ўсіх!» стане традыцыяй нашай школы!
Вольга КОЦІКАВА, рэдактар школьнай газеты «На школьнай хвалі» СШ № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка

