«Але, Уладзімір Ільіч слухае»
Не думайце, што журналісты раёнкі згубіліся ў часе і перанесліся ў мінулае. Перад святам Кастрычніцкай рэвалюцыі мы на самой справе размаўлялі з Уладзімірам Ільічом. І не з адным. Вядома, тэлефанавалі не ў Смольны, а жыхарам раёна.
Адшукаць цёзак Леніна па раёне аказалася не так і проста. Дапамаглі падпісчыкі, і мы знайшлі ажно пяць Уладзіміраў Ільічоў у розных населеных пунктах.
«Але, на провадзе Уладзімір Ільіч?» – пытаемся ва Уладзіміра Шарава з райцэнтра. Той адразу ўсміхаецца. Імя бацька даў Уладзіміру менавіта ў гонар правадыра рэвалюцыі. «Да гэтага адносіўся заўсёды спакойна, – шчыра кажа У. І. Шараў. – Хаця калі вучыўся ў тэхнікуме, прыклеілася мянушка “Ленін”, але і не звяртаў на гэта асаблівай ўвагі. Усё жыццё адпрацаваў у РЭСе, адтуль і на заслужаны адпачынак летась пайшоў. У Шуміліне больш не ведаю Уладзіміраў Ільічоў, напэўна, я адзін».
Уладзімір Осіпаў з Обалі прызнаўся, што крыху абураўся на бацькоў за сваё імя, бо са школьных гадоў адчуваў сябе не ў сваёй талерцы: «Я ж не Уладзімір Ільіч, а проста Валодзя». Лічыць, што ён зусім не падобны на правадыра пралетарыяту ні знешне, ні характарам – не мае задаткаў лідара. Усё жыццё працаваў на Обальскім керамічным заводзе. Але агульнае ўсё ж ёсць – гэта стараннасць, любоў да дзяцей. Зараз Уладзімір Осіпаў з жонкай выхоўвае двое прыемных дзяцей.
Уладзіміру Латвінусу імя дала бабуля. Калі дазналася, што бацькі мараць назваць хлопчыка Іванам, пасварылася з імі і сказала: «З такім імем па бацьку хлопчыкаў называюць Уладзімірамі, а не Іванамі!». Так і атрымалася. Яшчэ ў дзяцінстве аднакласнікі зайздросцілі Уладзіміру: «О, пашанцавала табе! Ты як Ленін!». А сам Уладзімір не вельмі цікавіўся біяграфіяй Ульянава-Леніна – ведаў толькі тое, што “ў школе праходзілі”. Вывучыўся на вадзіцеля і ўсё жыццё адпрацаваў у саўгасе імя Кароткіна. Яго трынаццацігадовы ўнук Антон, як і калісьці аднакласнікі Уладзіміра, лічыць, што дзядулі пашанцавала з імем – усё ж цёзка легендарнага чалавека, вунь колькі помнікаў яму ўстаноўлена.
Уладзімір Падута, які з’яўляецца дачнікам вескі Залессе Лаўжанскага сельсавета і зарэгістраваны там, лічыць, што ў яго імені няма нічога асаблівага, і ён не адчуваў у сувязі з гэтым ніякіх праблем.
Самага маладога Уладзіміра Ільіча на тэрыторыі раёна мы знайшлі ў аграгарадку Мішневічы. Уладзіміру Багданаву 53 гады, працуе слесарам ААТ «АграБаравінка». «Мне пашчасціла нарадзіцца ў красавіку, як і Ленін, толькі не 22, а 13 чысла, – расказаў Уладзімір. – Калі падбіралі імя, то ў бацькоў было без варыянтаў. Але, калі чэсна, не вельмі мне і падыходзіць быць цёзкам важака Кастрычніцкай рэвалюцыі: у школе не быў выдатнікам, арганізатарскіх здольнасцей не маю. Бывала, мужыкі, іншы раз клічуць мяне Леніным, але не крыўджуся – выбару кандыдатур для такой мянушкі няма, я адзін на вёску».
Усе названыя Уладзіміры Ільічы – людзі сталага ўзросту. Як бачым, іх родныя называлі сваіх дзяцей у гонар Леніна. Для нашых дзядоў і прадзедаў ён з’яўляўся яскравым прыкладам змагара за справядлівасць, працаголікам, знакамітай асобай, якую ставілі ў прыклад і казалі, што “Ленін жыў, жыве і будзе жыць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

