Как капитан теплохода стал старейшиной деревни

Общество

Пра “цар-пушку”  і  “кафэ пад ліпкамі”

Старэйшыну вёскі Лявонава Мікалая ІСАКОЎСКАГА дома не застанеш, не папярэджваючы пра візіт. Ён заўсёды ў руху і справах.

«Мікалаевіча няма дома, у Клётчына паехаў», – падказалі рэдакцыі суседзі. Старэйшыну Лявонава ў навакольных вёсках ведаюць, як “мужчыну з рукамі”. Таму і звяртаюцца да яго людзі сталага ўзросту з рознымі просьбамі: печку ці веснічкі адрамантаваць. Не адмаўляе ў дапамозе.

Мікалай Ісакоўскі родам з Лявонава, усё працоўнае жыццё рупіўся ў “Віцебскводтрансе”, быў капітанам цеплахода. А тры гады таму вымушаны быў звольніцца, бо трэба было даглядаць старэнькую маці. Так і застаўся жыць у бацькоўскім доме. Сёлета вяскоўцы абралі яго старэйшынам вёскі.

«Па часе кіравання я, напэўна, самы малады старэйшына ў раёне, – усміхаецца Мікалай. – Люблю сваю вёску і землякоў. Стараюся рабіць для іх добрыя справы». І гэта не толькі дапамога сталым людзям, але і навядзенне парадку. Справа рук старэйшыны – пафарбаваныя калонкі, новая лавачка на аўтобусным прыпынку, “кафэ пад ліпкамі” – стол і дзве лаўкі – каля клуба. Каля магазіна прымацаваў “дошку аб’яў”, куды вывешвае віншаванні вяскоўцаў з днём нараджэння. Сам асабіста з букетам кветак наведваецца да суседак, якія размянялі дзявяты дзясятак. Ім радасці і пазітыўнага настрою на цэлы дзень!

Мікалай Ісакоўскі расказаў, што ў вёсцы на трох вуліцах – Лясная, Школьная і Маладзёжная – налічваецца 39 дамоў. Людзі ў асноўным сталага ўзросту, але ў выхадныя часта прыязджаюць дзеці і ўнукі. Да самога Мікалая наведваюцца дачка, унукі, брат, пляменнік, сябры.

На пасадзе старэйшыны яму дапамагаюць вялікі працоўны вопыт, арганізатарскія здольнасці, уменне ладзіць з людзьмі. Ён ніколькі не шкадуе, што жыве ў вёсцы, задаволены тым, што яго акружаюць добрыя людзі. Лічыць, што старэйшына павінен паказваць прыклад у навядзенні парадку. І стараецца трымаць планку. Нядаўна пафарбаваў дом, устанавіў новую металічную агароджу, зрабіў налічнікі для вокнаў, з фанеры выразаў лобзікам матылёў і прымацаваў да сцяны, пры дапамозе зварачнага апарата зрабіў металічны арнамент. Каля дома – альтанка, міні-басейн і невялікі фантан. Падворак упрыгожваюць асеннія кветкі, за агароджай – “цар-пушка”, якая таксама зроблена клапатлівымі рукамі гаспадара. А яшчэ ён трымае пчол (кажа, што пчаляр у трэцім пакаленні) і курэй.

СТАРШЫНЯ ОБАЛЬСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА СЯРГЕЙ МУРАЎЁЎ:
– І сельвыканкаму, і вёсцы Лявонава пашанцавала са старэйшынам Мікалаем Ісакоўскім. Ён актыўны, сам праяўляе ініцыятыву. Многія праблемы, якія ўзнікаюць, вырашае самастойна. З’явілася неабходнасць у лавачцы на аўтобусным прыпынку – нікога не турбаваў, зрабіў сам. Мы з ім заўсёды на сувязі, усе жыццёва важныя пытанні трымаем на кантролі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *