Пачысцілі камбайны– і ў арачнік
У гаспадарках раёна ставяць тэхніку на захоўванне. У першую чаргу гэта тычыцца зернеўборачных камбайнаў.
У ААТ «Прыазёрны мір» шэсць зернеўборачных камбайнаў, чатыры з іх падрыхтавалі да зімы і паставілі на захоўванне. «Галоўнае пры падрыхтоўцы КЗСаў да зімы – убраць рэшткі зерня і травы, памыць тэхніку, – расказаў малады спецыяліст загадчык майстэрні Уладзіслаў Пратасевіч. – Спружыны, шківы і іншыя сістэмы змазваем маслам. Расслабляем рамяні на камбайнах, каб не трэснулі ў маразы. Разгружаем колы – пад іх ставім металічныя падстаўкі. Вось, напэўна, і ўсе асноўныя работы. Усе камбайны ў нас захоўваюцца ў арачніках, на днях паставім туды апошнія два».
Падрыхтаваць камбайны да захоўвання механізатарам дапамагае не толькі Уладзіслаў Пратасевіч, але і механізатар Раман Слямнёў, які сёлета прыйшоў працаваць у гаспадарку. Заадно і вучацца, набіраюцца вопыту.
Па словах галоўнага дзяржінспектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання райвыканкама Вадзіма Селіханава, у гаспадарках раёна з 28 зернеўборачных камбайнаў 24 пастаўлены на захоўванне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

