«Главное — не бояться пробовать», – считает предприниматель из Шумилино Юлия Емельянова

Главное Экономика

«Галоўнае – не  баяцца  спрабаваць»

 З 17 да 21 лістапада ў краіне праходзіць  Беларускі тыдзень прадпрымальніцтва

Амаль дзесяць год таму Юлія ЕМЯЛЬЯНАВА з райцэнтра не пабаялася змяніць прафесію медыка-гігіеніста на індывідуальнага прадпрымальніка і адкрыць сваю справу. Паступова бізнес стаў паспяховай сямейнай справай.

А пачыналася ўсё з таго, што амаль дзесяць гадоў таму муж Юліі Віктар неяк заўважыў, што нядрэнна было б адкрыць сваю справу, але ж неяк боязна пачынаць новае. Актыўная і ініцыятыўная па характары, Юлія, якая на той час працавала гігіеністам-эпідэміёлагам, узяла справу ў свае рукі – аформіць дакументы на адкрыццё ІП было нескладана. У раёне шмат гаспадароў, якія займаюцца падсобнай гаспадаркай, агародніцтвам, таму назва магазіна прыйшла сама сабой – «Гаспадар». Узялі ў арэнду памяшканне ў КУП БАН, пачалі з продажу камбікармоў, якіх на той час у райцэнтры не хапала. Было цяжка, успамінае жанчына, бо грошай у запасе мелі нямнога, а дзяржаўным крэдытам прынцыпова не карысталіся. Дзеля эканоміі сама насіла 30-кілаграмовыя мяшкі. Арандаванае памяшканне было без ацяплення, пакуль нагрэеш буржуйку – паўдня пройдзе. Але малады прадпрымальнік не сумавала, а паціху вывучала попыт шумілінскіх пакупнікоў. Так паступова ў гандлёвым аб’екце з’явілася насенне розных культур (у тым ліку і насенная бульба), плёнка, фарфоравы посуд, садовы інвентар, пластмасавыя вырабы. Юлія Емяльянава і сёння памятае, як адна з пакупніц сказала ёй: «Ну во, пачынаеце з трох тазікаў, а ў будучым будзеце мець вялікі магазін!». Гэтыя словы неяк натхнілі на работу і аказаліся прарочымі.

Неўзабаве ўдалося выкупіць жылы дом насупраць будынка КУП БАН (вул. Вакзальная, 10), дзе вось ужо чатыры гады і працуе магазін. Але да гэтага праведзена каласальная работа як па рамонце будынка і добраўпарадкаванні тэрыторыі, так і па афармленні дакументаў. Трэба было перавесці жылую пабудову ў нежылую, аказалася, што гэта не так і лёгка. Юлія Емяльянава ўдзячна за дапамогу і падтрымку начальніку аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юліі Зяньковай, якая была каардынатарам у справе афармлення дакументаў. Ніводны віцебскі спецыяліст не ўзяўся за афармленне праекта пад магазін, затое землякі аказаліся кампетэнтнымі – індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Маханькоў за кароткі тэрмін зрабіў неабходныя дакументы. І ў жніўні 2021 года, акурат да абласных Дажынак, якія праходзілі ў Шуміліне, “Гаспадар” запрасіў першых пакупнікоў.

Паколькі магазін пашыраўся, дадаткова спатрэбіўся яшчэ работнік. Юлія прапанавала пасаду прадаўца свекрыві Валянціне Уладзіміраўне Мацуганавай. У новым магазіне асартымент стаў больш багатым: у сезон толькі насення і ўгнаенняў налічваецца каля тысячы гатункаў. Прыязджаюць за таварам нават з Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў. А яшчэ летам купляюць тут насеннеі расіяне, якія наведваюцца ў водпуск да шумілінскіх сваякоў, даспадобы ім і малыя архітэктурныя формы.

Сярод мноства гаспадарчых тавараў ёсць і новая лінейка – для будаўніцтва (свердлы, буры, самарэзы, мантажная пена, адвёрткі і г. д.).

У Емяльянавых вялікія планы на будучае – зрабіць прыбудову, каб перапланаваць краму пад магазін-склад. Лічаць, што так пакупнікам будзе зручней пабачыць увесь тавар і выбраць патрэбны.

Мы папрасілі Юлію Емяльянаву даць практычныя парады пачынаючым прадпрымальнікам ці тым, хто толькі задумваецца пра адкрыццё сваёй справы.

– Па-першае – не баяцца спрабаваць, – раіць Юлія. – Як кажуць, калі не паспрабуеш – то і не зразумееш, ці па плячы табе гэта справа. Па-другое, варта мець першачарговы капітал. Ну, а калі яго няма, пакарыстацца крэдытам. Дзяржава сёння моцна падтрымлівае прадпрымальніцтва. Па-трэцяе, трэба выбіраць такі бізнес, які будзе ў раёне карыстацца попытам, выбіраць нішу, якая не занята. Ну, і, канешне, у характары прадпрымальніка павінны быць мэтанакіраванасць і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 

КАМЕНТАРЫЙ  У  ТЭМУ

Вольга ЛАБЕЙКА, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама:

– З пачатку года ў раёне зарэгістравана 10 юрыдычных асоб і 27 індывідуальных прадпрымальнікаў, створаны дадаткова 55 рабочых месцаў.
На 1 лістапада колькасць прадстаўнікоў малога, сярэдняга прадпрымальніцтва і фізічных асоб складае 587 суб’ектаў (306 фізічных асоб, 178 індывідуальных прадпрымальнікаў, 103 арганізацыі). Дадзеная катэгорыя фарміруе раённы бюджэт на 48,9%, асноўная доля прыпадае на рознічны гандаль.
Юрыдычныя асобы. Асноўную долю займаюць арганізацыі, якія ажыццяўляюць аптовы і рознічны гандаль (34%). У сельскай гаспадарцы зарэгістравана 19 арганізацый (18,6%), у сферы грузапасажырскіх перавозак – 16 (15,7%), у вытворчай дзейнасці – 12 (11,8%), у будаўніцтве – 6 (5%).
Індывідуальныя прадпрымальнікі. 85 ІП зарэгістраваны ў рознічным гандлі (44,7%), 28 займаюцца грузапасажырскімі перавозкамі (14,7%), 18 – будаўнічымі работамі (9,5%), 10 – лесаводствам (5,3%) і г. д.
Восем індывідуальных прадпрымальнікаў сёлета перарэгістраваліся ў юрыдычныя асобы ў спрошчаным парадку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *