Нашы музычныя зоркі – на тэлебачанні. Не прапусціце!
25 лістапада ў 19.00 на канале “Беларусь 4” не прапусціце зорную гадзіну шумілінскіх музыкантаў у праграме “Вячэрні Віцебск”.
Віцебскае абласное тэлебачанне запрасіла настаўнікаў і вучняў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў да сябе ў праграму “Вячэрні Віцебск”. На гэтым тыдні ўжо адбылося відэаздыманне. Ні самі героі, ні нашы чытачы, ні гледачы яшчэ не бачылі гатовы вынік. Аднак пра першыя эмоцыі і ўражанні ўдзельнікаў пасля запісу праграмы рэдакцыя “Герой працы” даведалася.
Свае таленты ў студыі прадэманстравалі Ганна Фурсіна і Іван Кузняцоў. Яны выканалі музычнае “Капрычыа”. “Было вельмі хвалююча і крыху страшна, але ўвогуле атмасфера здавалася цёплай і сяброўскай. Падабалася тое, што на камеру можна выканаць некалькі дубляў, а на сцэне трэба – з першага разу і без памылак”, – падзяліліся маладыя музыкі. Разам з дзецьмі ў гэты адказны момант былі іх настаўнікі Іна Ворса (флейта) і Ганна Пахоменка (фартэпіяна).
Дуэт Ангеліны Чаплінскай Дзіяны Лейчанка прадставіў песню “Чыні дабро”. Для гэтых дзяўчат выступаць пад сафітамі камер аказалася складаней, чым на сцэне. “Падчас выканання песні ў зале ты бачыш рэакцыю жывой публікі і яе падтрымку, якая дапамагае справіцца з хваляваннем, а тут цалкам разняволіцца нельга, да самага канца песні трэба быць сканцэнтраванымі”, – расказалі спявачкі. Іх галоўнай падтрымкай у дзень запісу перадачы была настаўнік Нэлі Жаваранкава.
Да дзіцячай хвіліны славы далучылася і дарослае трыа баяністаў- педагогаў Шумілінскай ДШМ. Ганна Багданава, Святлана Чарткова і Віктар Скорынаў прадэманстравалі свой вопыт і віртуознае валоданне баянам.
“На сцэне лягчэй дыхаецца, а перад камерай – вастрэй думаецца. Перад людзьмі ты аддаеш энергію, а на камеры – ёй кіруеш. Але мэта заўсёды адна – пада рыць мастацтва. Мы вельмі рады, што ў дадзеным тэлефармаце мы змаглі расказаць аб таленавітых дзецях і нашай дзейнасці такой шырокай аўдыторыі”, – ад імя калектыва настаўнікаў Шумілінскай ДШМ падзяліліся кіраўнік харавых дысцыплін Алена Сініцкая і дырэктар Алена Сцяпанава.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

