«Моладзь сёння можа ўсё!»
ІІ бізнес-форум «Дзяржава і бізнес: партнёрства для ўстойлівага развіцця» прайшоў на Лепельшчыне ў рамках Беларускага тыдня прадпрымальніцтва. Лепельская «Жамчужына» сабрала крэатыўную моладзь з усіх рэгіёнаў вобласці, прадстаўнікоў улады, ПРААН і кампаній.
Галоўнай тэмай насычанай праграмы стала рэалізацыя і падтрымка інавацыйных маладзёжных бізнес-ідэй. Варта адзначыць, што Віцебская вобласць займае 3 месца ў рэспубліцы па дасягненні ўстойлівага развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Спікеры пленарнага пасяджэння азнаёмілі ўдзельнікаў з новымі інструментамі па вядзенні бізнесу, фінансавымі магчымасцямі, якія прадстаўляюцца нашымі банкамі, расказалі пра стартап-рухі. Актыўная моладзь ВНУ, каледжаў і школ прадставіла на форуме свае найноўшыя творчыя і тэхнічныя вынаходствы. Кожны жадаючы мог бліжэй даведацца пра тэхніку стварэння вырабаў, якія не маюць аналагаў. Пакінуць свой адбітак з нафты (у прамым сэнсе), намаляваць малюнак на натуральнай скуры, выпілаваць форму шпакоўняў, упрыгожыць пернік – усё гэта і многае іншае можна было зрабіць на майстар-класах і выставачных інтэрактыўных лакацыях.
На тэму інавацыйнага і маладзёжнага прадпрымальніцтва, як драйвера ўстойлівага развіцця рэгіёнаў вобласці выступіла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна. «Моладзь сёння можа ўсё, галоўнае валодаць прадпрымальнасцю і ініцыятыўнасцю, а рэальная падтрымка дзяржавы паспрыяе устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага рэгіёна», – адзначыла Анжаліка Аляксандраўна.
Ганаровым госцем і ўдзельнікам форуму стаў пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Расул Багіраў. Расул Аліевіч агучыў некалькі галоўных прыярытэтаў для дзяржавы і ААН: людзі, бізнес (эканоміка), экалогія і мір ва ўсім свеце. «Усё жыццё – гэта рух супраць ветру, а свет рухаецца ідэямі!» – заўважыў каардынатар ААН і пажадаў не баяцца цяжкасцей, а выкарыстоўваць усе магчымасці для рэалізацыі праектаў.
Шумілінскі раён на мерапрыемстве прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі Аляксей Саппо, намеснік дырэктара ТАА «ВЕЖА» Таццяна Мончык і галоўны бухгалтар таварыства Святлана Усеваладава (сярэдні бізнес), а таксама індывідуальны прадпрымальнік Дар’я Навуменка (малы бізнес).
«Прыняць удзел у форуме для нас стала новым карысным адкрыццём. Маляўнічае месца правядзення, гасцінны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Жамчужына», багатая выставачная экспазіцыя, новыя асобы і шмат цікавай інфармацыі, бізнес-тэрмінаў пакінулі прыемнае ўражанне, – падзялілася ўражаннямі Таццяна Мончык.
Дар’я НАВУМЕНКА.


