50 тысяч рублей положили шумилинцы в карманы телефонных мошенников

Безопасность Общество Происшествия

50 тысяч рублёў шумілінцы паклалі ў кішэню махляроў

23 кіберзлачынствы зарэгістраваны сёлета ў раёне (летась было 17). Пацярпелі 13 жыхароў, якія ў агульнай суме згубілі больш за 50 тысяч рублёў. На падман махляроў трапляе розная катэгорыя насельніцтва: працаздольнага ўзросту, сталыя людзі, моладзь. Самаму сталаму чалавеку, які сёлета “трапіў на грошы”, было 70 гадоў, самаму маладому – 22 гады. Такую статыстыку агучыў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Максім Васільеў.

Кібербяспека з’яўляецца актуальнай і злабадзённай тэмай. У гэтыя дні, калі праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Тыдзень кібербяспекі”, супрацоўнікі РАУС расказваюць насельніцтву пра новыя схемы махлярстваў і вучаць людзей культуры бяспечных паводзін у інтэрнэце. Пільную ўвагу ўдзяляюць супрацьдзеянню тэлефоннаму махлярству.

Праводзячы аналіз кіберзлачынстваў, супрацоўнікі міліцыі адзначылі, што часцей злачынцы прымяняюць адпрацаваныя псіхалагічныя прыёмы. Вось яны.

  1. Махляры тэлефануюць пад выглядам супрацоўнікаў МТС. Распаўсюджаная схема ў кіберзлачынцаў – прадставіцца работнікамі МТС і пераконваць, што трэба перазаключыць дагавор на карыстанне сотавай сувязі, прасіць паведаміць пашпартныя дадзеныя. Потым на мабільны прыходзіць смс-код, які просяць паведаміць – гэта першы этап “разводу”. Праз некаторы час паступае другі званок ад “супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі”, якія паведамляюць, што чалавек да гэтага меў справу з махлярамі, даў ім свае пашпартныя дадзеныя, па якіх афармляецца крэдыт для падтрымкі Украіны. Чалавека запужваюць, што ён “парушыў адзін з артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і “дома ў бліжэйшы час чакаецца вобыск”. Раяць аднесці зберажэнні ў банк і пакласці на свой рахунак, логін-пароль ад свайго банкаўскага дадатка прадаставіць “работніку органаў”. І некаторыя выконвалі ўсе дзеянні па прапанаванай схеме. Грошы з іх рахункаў знікалі бясследна.
  2. «Алё, вам тэлефануюць работнікі “Белсплату”. Жыхарам раёна неаднаразова прапаноўвалі замяніць дамафонныя дзверы. Нямногія ў гэтым разгледзелі махлярства. Злодзеі выпытвалі пашпартныя дадзеныя, а калі на тэлефон прыходзіў код, то прасілі яго паведаміць “для праверкі”. Код дазваляў зайсці ў банкаўскі дадатак, пры дапамозе яго зрабіць віртуальную картку для пераводу раней украдзеных грошай, а ў некаторых банках і крэдыт узяць.
  3. Званок ад “работнікаў “Белпошты”. Яны паведамляюць, што на імя чалавека накіроўваецца пасылка ці заказны ліст ад падатковай, які знаходзіцца пакуль у Мінску. Каб ліст дайшоў да адрасата, трэба назваць асабістыя пашпартныя дадзеныя і ўдакладніць адрас пражывання. Злодзеі заходзяць у банкаўскі дадатак, карыстаюцца смс-кодам, які просяць назваць з мабільнага. Ну, а далей усё па традыцыйнай схеме: знікаюць грошы з карткі.

Супрацоўнікі РАУС заклікаюць жыхароў раёна не давяраць званкам незнаёмцаў, не перадаваць ім свае пашпартныя дадзеныя, а таксама нумары і коды, якія прыходзяць на тэлефон. Трэба памятаць, што махляры – маніпулятары, якія ведаюць, як уздзейнічаць на эмоцыі людзей і дасягнуць сваіх мэт. Калі пачынаюцца запужванні, трэба неадкладна звяртацца ў міліцыю.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *