За трофеями и впечатлениями на Шумилинщину едут охотники из Праги, Москвы и Санкт-Петербурга

Мир увлечений Новости Спорт, туризм

Па трафеі і ўражанні – на Шуміліншчыну

Турист из Чехии с трофейным лосем.

 Лістапад у нашай краіне з’яўляецца месяцам паляўнічага турызму.

Гэта магчымасць не толькі здабыць трафей, але і пазнаёміцца з найбагацейшым жывёльным і раслінным светам, атрымаць асалоду ад прыгажосці некранутых куткоў Беларусі.

Паляўнічы турызм часта прыраўноўваюць да спартыўнага, бо турысты праводзяць шмат часу на нагах і свежым паветры. Але адрозніваецца гэты від турызму тым, што для яго патрэбныя спецыяльныя дазволы. Гэта робіць паляўнічы турызм задавальненнем «не для ўсіх».

У нашай краіне ёсць шмат месцаў для палявання, прызначаныя для палявання тэрыторыі складаюць больш за 17 мільёнаў гектараў. Да таго ж беларускія лясы поўныя разнастайнай дзічыны: зайцы, ваўкі, лісы, алені, а таксама мноства птушыных. У цэлым у Беларусі дазволена паляванне на 53 віды дзікай жывёлы. Не варта забываць пра прыроду Беларусі – гэта адназначна тое, што пакіне прыемныя ўспаміны ад адпачынку, бо наша краіна вядома сваімі шыкоўнымі лясамі і вадаёмамі. І Шуміліншчына ў гэтым плане не выключэнне.

Шумілінская паляўнічая гаспадарка абласной арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў актыўна развівае паляўнічы турызм. З пачатку года былі арганізаваны 24 туры, у якіх прыняў удзел 61 турыст з Расіі і Заходняй Еўропы. Яны заплацілі 121 тысячу рублёў (за увесь мінулы год замежныя турысты заплацілі 90 тысяч рублёў).– Шуміліншчыну добра ведаюць паляўнічыя як з Беларусі, так і з Расійскай Федэрацыі, – расказвае старшы егер Шумілінскай паляўнічай гаспадаркі Ігар Каштанаў. – Усю інфармацыю можна атрымаць на нашым сайце www.vboor.by, на якім ёсць дакладныя звесткі як пра Шумілінскую паляўнічую гаспадарку, так і віды дзічыны з месцамі іх знаходжання. Таксама мы актыўна рэкламуем паляванне на Шуміліншчыне на папулярных расійскіх спецыялізаваных сайтах «Питерский охотник», «Ганза», беларускім сайце «Трапны стрэл», дадае папулярнасці і вядомасці ўдзел у розных рэспубліканскіх і міжнародных выставах.

Пастаянна прыязджаюць на Шуміліншчыну паляўнічыя з Віцебска, Полацка, Баранавіч, Гомеля і Мінска. Як паказвае практыка, едуць на 2-5 дзён групамі па 3-8 чалавек. Звычайна прыпыняюцца ў аграсядзібах «Чараўніцкае возера» і «Ляўшы». Турысты-паляўнічыя плацяць за арганізацыю палявання ад 10 да 40 рублёў і за здабытую дзічыну (ад 50 рублёў за казулю і да 1700 рублёў за трафейнага лася ці аленя).

«У красавіку-маі, калі дазволена паляванне на вадаплаўных птушак, да нас прыязджалі паляўнічыя з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Ніжняга Ноўгарада, – адзначае Ігар Каштанаў. – Зараз едуць паляваць на парнакапытных».

Сёлета ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў па-новаму арганізавана работа з замежнымі турыстамі. Так, для палявання на вадаплаўную птушку неабходна набыць пакетны тур, які ўключае ўвоз зброі, арганізацыю палявання і адзін дзень палявання. Кошт пакета – 1500 рублёў, за кожны наступны дзень палявання неабходна даплаціць 500 рублёў. Колькасць здабытай птушкі не абмежавана. Вясной для расійскіх турыстаў было арганізавана 14 тураў.

Найбольш запатрабаваны ў расійскіх паляўнічых час з кастрычніка да снежня, калі дазволена паляванне на парнакапытных. Турысты аплачваюць кошт здабытай дзічыны – ад 210 рублёў за казулю да 8200 рублёў за трафейнага лася ці аленя.

У верасні трое паляўнічых з Чэхіі скарысталіся бязвізавым рэжымам і прыехалі на Шуміліншчыну. Ім быў прапанаваны дэманстрацыйны тур. «Чэхі прыехалі без зброі, – працягвае Ігар Каштанаў. – Яны глядзелі, як мы палюем. Калі ўбачылі трафейнага лася, то папрасілі яго здабыць. З трафеямі яны паехалі на радзіму».

Літаральна праз тыдзень на Шуміліншчыну прыехалі яшчэ чацвёра чэхаў, для якіх таксама быў арганізаваны дэманстрацыйны тур. Турысты з Чэхіі папоўнілі бюджэт арганізацыі на 58 тысяч рублёў. Дарэчы, ужо ёсць дамоўленасць, што ў студзені група турыстаў з Чэхіі прыедзе на дэманстрацыйны тур палявання на ваўкоў.

Для таго, каб захаваць папуляцыю жывёл, штогод устанаўліваецца максімальная колькасць асобін, якую можна здабыць падчас палявання.

«Сёлета з 91 дазволеных ласёў паляўнічыя здабылі 40, з 35 аленяў – 19, са 180 казуль – 103, – дадае Ігар Каштанаў. – Так што рэзерв на снежань ёсць. Як паказваюць мінулыя гады, пасля 20 снежня актыўна прыязджаюць турыстыпаляўнічыя з Расіі».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *