Людзі з бязмежнымі магчымасцямі і сілай духу
Усе мы розныя. Свет створаны не толькі для хуткіх ног і зоркіх вачэй. Ёсць людзі, якія не чуюць шапаценне лістоты і не могуць самастойна падняцца па лесвіцы. Маршруты некаторых – не прамыя лініі, а складаныя перашкоды праз лесвіцы, ганкі і раўнадушша. І на гэтым шляху ёсць моцныя людзі, якія не баяцца быць слабымі. Яны цэняць кожны дзень, кожны ўздых, якія не даецца без болю, кожны іх крок патрабуе мужнасці. Пра ўсё гэта нас прымушае задумацца і ўсвядоміць, што нашы штодзённыя праблемы – дробязі, Дзень інвалідаў.
«Дарыце дабрыню без шкадавання» – пад такой назвай у раённым цэнтры культуры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. У гэты дзень размова ішла не пра абмежаванні людзей, а пра іх бязмежныя магчымасці і сілу духу.
«Сёння мы звяртаем увагу на тых, хто зрабіў выклік лёсу і застаўся паўнацэнным членам грамадства, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Шалахава. – У жыцці ніхто ні ад чаго не застрахаваны, варта берагчы тое, што ёсць, уважліва адносіцца да тых, хто побач. Мы захапляемся людзьмі, якія цярпліва і годна праходзяць праз усе выпрабаванні лёсу. Іх выставы і фестывалі дастойныя шчырых слоў. Бясконцыя словы прызнання сёння адрасуем тым спецыялістам, чыя работа звязана з адаптацыяй людзей з абмежаванымі магчымасцямі».
Ірына Іванаўна ўручыла Падзякі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” спецыялісту па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Юліі Сініцкай, сацыяльным работнікам Святлане Матора і Наталлі Івановай, дэфектолагу Кардонскай СШ Алесі Кралько.
Цёплыя словы ў адрас людзей, моцных духам, сказала старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Людміла Шаўцова і ўручыла падзякі за творчую ініцыятыву многім землякам. Шчырыя падзякі гучалі ў адрас тых, хто працуе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі – педагогам, медыкам, сацыяльным работнікам, псіхолагам, валанцёрам. Самыя шчырыя пажаданні і ўдзячнасць бацькам, якія выхоўваюць асаблівых дзетак і жывуць дзеля іх. Падзякі педагогам і бацькам за цярпенне і мудрасць уручылі старшыня раённага савета жанчын ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Крыўко, старшыня раённай арганізацыі РГА «Беларускі Чырвоны Крыж» Таццяна Казакова.
У фае цэнтра культуры ладзіліся выставы. Тут можна было набыць прыгожую сувенірную прадукцыю, якая зроблена на розных гуртках ТЦСАН. Праводзіліся і майстар-класы па вырабе анёлаў і тэматычных значкоў.
Добрым падарункам усім, хто прыйшоў на мерапрыемства, стаў душэўны і сардэчны канцэрт ад артыстаў раённага цэнтра культуры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.







