У атмасферы казкі і яркіх эмоцый
Дзіцячыя ўсмешкі, навагоднія песні, танцы з Дзедам Марозам і Снягуркай – гэта ўсё стала часткай дабрачыннай ёлкі, якая прайшла ўчора, 26 снежня, у раённым цэнтры культуры.
Павіншаваць дзяцей з надыходзячым Новым годам прыйшоў старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч. «Сёння мы сабраліся, каб павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вызначыліся ў вучобе і творчасці, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч. – Дарагія дзеці, лавіце цудоўныя моманты жыцця і помніце пра свае правы і абавязкі, вучыцеся патрэбнаму і важнаму. Няхай усе задуманыя мары збудуцца! А так і будзе, бо галоўнае – вельмі старацца».
Кіраўнік раёна ўручыў ад райвыканкама падарунак – шэсць камплектаў робататэхнікі – раённаму цэнтру дзяцей і моладзі.Пасля прагляду спектакля-казкі «Лятучы карабель» у фае цэнтра культуры хлопчыкаў і дзяўчынак чакала займальная навагодняя праграма ад работнікаў РЦДМ. Дзеці танцавалі і спявалі з казачнымі персанажамі, удзельнічалі ў гульнях, конкурсах, майстар-класе па вырабе навагодніх сувеніраў, з радасцю запаўнялі ёлку жаданняў.Забавы прынеслі шмат прыемных сюрпрызаў і радасных усмешак.
Удзел у дабрачыннай ёлцы прыняло больш за 150 дзетак з усіх устаноў адукацыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.





