Калядныя старты
У Шуміліне прайшлі два футбольныя турніры: калядны для дарослых і «Зімні кубак» для юнакоў. Арганізатарам спаборніцтваў выступіў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
У суботу за перамогу ў футзале змагаліся чатыры шумілінскія і адна віцебская каманда. Дзякуючы добраму ўзроўню каманд, турнір выдаўся цікавым і непрадказальным, кожная з каманд як мінімум магла трапіць у прызавую тройку. Ухвальных слоў заслужылі юнацкае «Шуміліна» і каманда РАНС – мабільныя, хуткія, не саступаюць ні на адным кутку пляцоўкі. Нялёгкім выдаўся шлях віцебскай «Аўроры» да трэцяга месца: першыя матчы віцяблянам прыйшлося гуляць без замен, дзесьці на вопыце, дзесьці на маральна‑валявых якасцях яны паказвалі не толькі добрую гульню, але і вынік. Обальская каманда заўсёды нацэлена на самыя высокія месцы, не выключэнне і гэты турнір, як вынік – ганаровае другое месца. А вось каманда фізкультурна‑аздараўленчага цэнтра, якая выйграла турнір, стала адкрыццём спаборніцтваў: хлопцы і самі гулялі, і сапернікам дазвалялі.
Цікава ў нядзелю прайшоў «Зімні кубак» па футболе сярод юнакоў. Па выніках спаборніцтваў тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў, лёс прызавых месцаў вырашыўся па дадатковых паказчыках. Прызавая тройка размеркавалася наступным чынам: першае месца – каманда «ФАЦ‑Шуміліна», другое – каманда «СШ № 2 г. п. Шуміліна», трэцяе – каманда «ДЮСШ г. Гарадка».
Лепшым іграком спаборніцтваў прызнаны Іваноў Дзяніс («ФАЦ‑Шуміліна»), лепшым варатаром – Кавалёў Ягор («СШ № 2 г. п. Шуміліна»). Таксама індывідуальныя ўзнагароды атрымалі лепшыя футбалісты кожнай каманды.
Аляксандр ШЭДЗЬКО



