З душой і адказнасцю
У сучасным свеце прафесія сацыяльнага работніка з’яўляецца ўвасабленнем міласэрнасці і клопату. Кожны год 5 студзеня ў краіне ўшаноўваюць гэтых людзей – тых, хто кожны дзень прыходзіць на дапамогу іншым. У гэтай сферы працуюць людзі моцнага характару, шчырыя. Сярод іх – Ірына САФОНЧЫК з аграгарадка Кардон, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.
У Ірыны Сафончык 13 падапечных, сярод якіх двое мужчын. Усе яны розныя па характары, з рознымі жыццёвымі лёсамі. Самаму старэйшаму – 86 гадоў, маладому – 72 гады. Да самых дальніх, якія жывуць у Федзькаве і Сутоках, чатыры кіламетры. Пры добрым надвор’і выручае веласіпед, а зімой ці ў непагадзь – муж Віктар Іванавіч на ўласным аўтамабілі. Ён на заслужаным адпачынку, з разуменнем адносіцца да жончынай работы і без падказкі падвозіць у патрэбны населены пункт у дождж ці слоту.
Ірына расказвае пра сваіх падапечных з вялікай цеплынёй і павагай. Многія ведаюць яе з малых гадоў, таму, напрыклад, для Марыі і Міхаіла Цярэнцьевых з Федзькава яна так і засталася Ірынкай – на вачах вырасла ў гэтай вёсцы.
Ірына Аўгусцінаўна заўсёды плануе сваю работу загадзя: каму сёння лекі трэба занесці, а ў каго ўборкай заняцца. Па заказе падапечных купляе і прадукты ў магазіне. Заўсёды ўдакладняе, які купіць хлеб, якой тлустасці смятану ці тварог.
Хапае ў сацыяльнага работніка і фізічнай працы. Трэба рэгулярна насіць ваду з калодзежа, дровы з дрывотні. Заказваюць сталыя і платныя паслугі: ускапаць агарод, пасеяць гародніну, а потым прапалоць і сабраць ураджай. А яшчэ Ірына Сафончык аказвае паслугі па рамонце адзення (мае ўласную швейную машынку і калісьці вучылася на швачку). Па падліках спецыялістаў ТЦСАН, за 2024 год яна аказала 5247 платных сацыяльных паслуг на суму 2270 рублёў (на 31% больш, чым за папярэдні год).
Як і іншым калегам, Ірыне Аўгусцінаўне дапамагае ў дзейнасці школа сацыяльнага работніка, якая арганізавана ў ТЦСАН. Хаця там і вучаць не прапускаць боль іншых праз сваё сэрца, але ж так атрымліваецца не заўсёды. Тыя, каго наведвае многа гадоў, становяцца роднымі людзьмі. І з характару не выкрасліш шчырасць, пачуццё такту, эмацыянальнасць. «Галоўнае для мяне – каб падапечныя былі задаволеныя якасцю аказання паслуг. Іх усмешка – лепшая ўзнагарода», – кажа Ірына Аўгусцінаўна. Яе душэўная цеплыня і цярпенне, якія дапамагаюць штодзённа спраўляцца з задачамі, робяць жыццё падапечных больш светлым і радасным, дораць адчуванне клопату.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

