Происшествия

СЛУЖБА  102. ТЫДЗЕНЬ У ЛІЧБАХ І ФАКТАХ

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Павел Трафімаў.

За мінулы тыдзень у аператыўна-дзяжурную часць РАУС паступіла 70 заяў і паведамленняў грамадзян. У выніку іх разгляду ўзбуджаны дзве крымінальныя справы.

Выяўлены 23 адміністрацыйныя правапарушэнні: 5 – за дамашняе насілле, 8 – за дробнае хуліганства,  4 – за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах і столькі ж – за заведама непраўдзівае паведамленне, 2 – за непадпарадкаванне міліцыянерам пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў.

Праведзена прафілактычная адпрацоўка 42 асоб, якія стаяць на ўліку ў РАУС за правапарушэнні ў быце ці за злоўжыванне спіртнымі напіткамі.

Супрацоўнікамі ДАІ выяўлена 59 парушэнняў правілаў дарожнага руху. За кіраваннем транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы двое вадзіцеляў, адзін перавысіў хуткасць руху больш як на 20 кіламетраў у гадзіну, 8 не прапусцілі пешаходаў праз «зебру».

Правілы дарожнага руху парушылі 15 пешаходаў, у тым ліку 10 з іх – за адсутнасць святловяртальных элементаў пры руху па краі праезнай часткі (5 пешаходаў пры гэтым былі нецвярозымі).

Насвяткавалася

1 студзеня ў РАУС патэлефанавалі жыхары аг. Мікіціха і паведамілі, што каля аўтобуснага прыпынку ляжыць нецвярозая жанчына. Міліцыянеры выехалі на выклік, даставілі жанчыну дадому, праўда, склалі на парушальніцу правапарадку адміністрацыйны пратакол за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. На першы раз ёй вынесена папярэджанне, у наступны чакае штраф да 8 БВ.

Вось  дык  памыў  аўто

Жыхар раёна звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што на аўтамыйцы ў райцэнтры ў яго «сарваўся мыечны пісталет, і ім пабіла аўтамабіль». Супрацоўнікі РАУС высветлілі, што ён парушыў інструкцыю па карыстанні мыйкі для аўтамабіляў. Трэба было спачатку  ўзяць мыечны пісталет у рукі, а потым ужо націскаць патрэбныя кропкі, а не наадварот. Так што ў інцыдэнце вінаваты сам мужчына.

Патроны

Жыхар Обалі набыў і захоўваў у сваёй кватэры шэсць патронаў. Устаноўлена, што яны самаробныя – выраблены з выкарыстаннем халастых пісталетных патронаў калібру 9х22 і з’яўляюцца боепрыпасамі да наразной агнястрэльнай зброі. Хто вырабіў гэтыя патроны і чаму іх захоўваў абальчанін, гэта высвятляюць супрацоўнікі РАУС. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа, максімальнае пакаранне за незаконнае захоўванне боепрыпасаў – пазбаўленне волі да сямі гадоў.

Грошы

У жыхара райцэнтра з кватэры прапаў кашалёк, дзе знаходзілася 2,5 тысячы рублёў. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАУС высветлілі, што крадзеж здзейсніла мясцовая непрацуючая жыхарка, якая пакарысталася момантам, што дзверы кватэры не былі замкнутыя. Узбуджана крымінальная справа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *