Все вместе против разгула снежной стихии

Главное Новости Общество Экономика

Белы фронт: службы супраць снежнай навалы

Першыя дні новага года для дарожных і камунальнай службаў раёна выдаліся напружанымі і гарачымі.

Калі ў большасці шумілінцаў былі вялікія выхадныя, то трактарысты і вадзіцелі УП ЖКГ, ДРБУ-204, лінейнай дыстанцыі № 364 РУП «Віцебскаўтадар» ДЭУ-36 працавалі на снегаўборачнай тэхніцы.

Трэба аддаць належнае работнікам УП ЖКГ, якія пачыналі працаваць з трох гадзін раніцы. «Мы былі гатовыя да снегападаў, на ачыстцы працавала 12 адзінак тэхнікі, – расказаў дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў. – Нашы людзі рупіліся на МАЗах, трактарах, пагрузчыках як у райцэнтры, так і ў іншых населеных пунктах раёна. З Шуміліна вывозілі снег на спецыяльна адведзеную пляцоўку. За дзень сюды паступала каля паўсотні прычэпаў. Працавалі і ўручную – з рыдлёўкамі ў руках ачышчалі падыходы да пад’ездаў, пешаходных пераходаў».

Ва ўзмоцненым рэжыме ў першыя навагоднія дні шчыравалі работнікі ДРБУ‑204. Працавалі два грэйдары, чатыры МАЗы з лапатамі і раскідвальнікамі пяску, «Амкадор», чатыры трактары. Работу пачыналі з чатырох гадзін раніцы. «3 студзеня, напрыклад, пачысцілі 415 кіламетраў дарог, падсыпалі 170 кіламетраў, на што затрацілі 50 тон пясчана‑саляной сумесі, – падлічыў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Фурсін. – Расчышчалі дарогі ўсіх населеных пунктаў. Спачатку цэнтральныя, дзе курсіруе грамадскі транспарт. З панядзелка, 5 студзеня, прыступілі да расчысткі абочын, што значна пашырыць праезную частку дарог». Было некалькі скаргаў ад шумілінцаў наконт нерасчышчаных аўтобусных прыпынкаў, да гэтай работы таксама прыступілі, паведаміла кіраўніцтва ДРБУ‑204.

Умовы надвор’я са шчодрымі снегападамі не дазволілі расслабіцца ў першыя навагоднія дні і работнікам лінейнай дыстанцыі № 364 РУП «Віцебскаўтадар» ДЭУ‑36. Да барацьбы са снегам далучыліся вадзіцелі і механізатары на двух МАЗах, двух трактарах, пагрузчыку і «Газелі». «Сыпалі і чысцілі, чысцілі і сыпалі – і так па крузе, – расказаў начальнік дыстанцыі Віктар Прыходзька. – Паспявалі зрабіць за дзень па тры падсыпкі па адной і той жа дарозе. Падлічылі, што за дзень МАЗы расчышчалі па 300‑500 кіламетраў дарог, трактары – па 270 кіламетраў. За 2‑4 студзеня на падсыпку дарог патрацілі 250 тон пясчана‑саляной сумесі».

На ранішняй планёрцы ў старшыні райвыканкама 5 студзеня была зроблена заўвага, што ў некаторых выпадках дарожным і камунальнай службам не хапала аператыўнасці і якасці праведзеных работ. Напрыклад, у вёсцы Мосарава на вуліцы Лясной расчысцілі снег, але ссунулі яго на пляцоўку для развароту – «хуткай дапамозе» няма дзе развярнуцца. Заяўка перададзена ва УП ЖКГ, пляцоўка будзе пачышчана як след.

Далучыліся да расчысткі снегу і прадстаўнікі многіх арганізацый і прадпрыемстваў, і жыхары раёна цэлымі сем’ямі выйшлі на расчыстку. Пазбаўлялі ад снежнай навалы не толькі прыватныя падворкі, але і дваровыя тэрыторыі шматпавярховак.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *