«Алло! Вам звонят мошенники. Сообщите свои данные и переведите нам деньги». Сотрудники Следственного комитета предупреждают: «Будьте бдительны!»

Происшествия

Алё, народ! З незнаёмага нумара  вам тэлефануюць махляры

«У апошні час нашы следчыя часта ўзбуджаюць крымінальныя справы па фактах кіберзлачынстваў, – пачала гутарку часова выконваючая абавязкі намесніка начальніка Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Каяновіч. – У пасткі махляроў трапляюць людзі розных узростаў і розных сацыяльных груп. Кожны раз прыдумваюцца новыя схемы падману даверлівых грамадзян».

30-гадоваму мужчыну патэлефанавалі з невядомага нумара. Прадставіліся работнікамі Белпошты, расказалі, што на яго прозвішча паступіў заказны ліст. Удакладнілі адрас дастаўкі, пашпартныя дадзеныя і сказалі, што ў пацвярджэнне дадзеных трэба перадаць СМС-код, які прыйдзе яму на тэлефон.

Праз пару хвілін на Ватсап патэлефанаваў супрацоўнік аддзела лічбавай бяспекі службы па наглядзе за электрасувяззю і сказаў, што папярэдні званок здзейснілі махляры, якія зараз афармляюць на яго крэдыт. Пасля гэтага «пераключылі» на супрацоўніка Дзяржкантролю.

«Каб перакрыць крэдыт, вам неабходна ўзяць крэдыт на 20 тысяч рублёў і перавесці сродкі на спецрахунак», – рэкамендаваў той. У банку мужчыну параілі звярнуцца ў міліцыю. Узбуджана крымінальная справа па факце спробы здзяйснення махлярства ў буйным памеры.

68-гадовай жыхарцы Шуміліна патэлефанаваў «супрацоўнік Дэпартаменту фінансавай міліцыі»: «На вашу банкаўскую картку аформлены вялікія крэдыты. Калі вы не будзеце з намі супрацоўнічаць, вас пасадзяць у турму». Тэлефонным махлярам жанчына пераслала фотаздымкі пашпарта і банкаўскай карткі. Затым невядомыя дапамаглі ўстанавіць на тэлефон праграму аддаленага доступу – і такім чынам атрымалі поўны доступ да смартфона пенсіянеркі.

З яе банкаўскай карткі было спісана 3 500 рублёў. Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.

21-гадоваму жыхару райцэнтра патэлефанаваў «следчы» Следчага камітэта і паведаміў, што на яго ўзяты крэдыт на 44 тыс. руб., грошы пераведзены на фінансаванне тэрарыстычнай арганізацыі. «Зараз з вобыскам прыйдзе міліцыя, – грозна гучала ў тэлефоне. – У вас канфіскуюць усе грошы і каштоўнасці, што ёсць у доме». Малады мужчына дастаў са сховішча бацькоўскія грошы і паклаў сабе на картрахунак. А затым пачаў пераводзіць грошы на «спецрахунак для іх дэкларавання». Такім чынам сям’я згубіла 4600 руб. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.

– Хочацца ў чарговы раз звярнуцца да жыхароў раёна з просьбай нікому па тэлефоне  не даваць персанальныя дадзеныя і не ўстанаўліваць на смартфон па просьбе незнаёмцаў дадаткі, – адзначае Кацярына Каяновіч. – Запомніце: супрацоўнікі банкаў, пракуратуры, міліцыі, мабільных аператараў ніколі не тэлефануюць на вайбер ці ватсап, не просяць асабістыя персанальныя дадзеныя, не просяць  перавесці грошы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *