Сацыяльная мадэль развіцця Віцебшчыны
14 студзеня, ў Шуміліне прайшоў абласны семінар «Сацыяльная дзяржава – беларуская мадэль дабрабыту» для дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна. Дадзены праект рэалізуецца па ініцыятыве члена Савета Рэспублікі Глеба Лапіцкага пры падтрымцы Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Удзельнікі ў актавай зале Шумілінскай ЦРБ абмеркавалі пытанні развіцця сістэмы сацыяльнай абароны, аховы здароўя і павышэння якасці жыцця насельніцтва рэгіёна.
Адкрыў семінар старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук. Як арганізавана сістэма працы, занятасці і сацыяльнай абароны вобласці, якія напрацоўкі вартыя гонару, расказала намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, пра стратэгічныя вектары развіцця і ўдасканалення сістэмы аховы здароўя рэгіёна – начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі, пра тое, як павышаецца якасць жыцця насельніцтва раёна праз развіццё сацыяльнай сферы, – намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
У праграме семінара – не толькі тэарэтычная частка, але і практычнае азнаямленне з аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры нашага раёна, а таксама экскурсія ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Дэпутаты наведалі аддзяленне сястрынскага догляду Шумілінскай ЦРБ, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе сталі ўдзельнікамі свята Каляды, і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе не толькі азнаёміліся з работай установы, але і прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабе свечак.
Яркім момантам мерапрыемства стала ўручэнне падарункаў ад Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і Цэнтра культуры «Віцебск». Па сутнасці так сімвалічна ў раёне завяршаюцца дабрачынныя навагоднія акцыі «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы», якія таксама з’яўляюцца брэндам нашай сацыяльнай дзяржавы. Падарункі ўручаны пацыентам аддзялення сястрынскага догляду, цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і ТЦСАН.
Алена КАРПУШЭНКА.
СЛОВА – СЕНАТАРУ ГЛЕБУ ЛАПІЦКАМУ
– У рамках рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, накіраванай на павышэнне дабрабыту насельніцтва, асаблівая ўвага надаецца комплекснаму развіццю розных сфер, уключаючы адукацыю, пенсійнае забеспячэнне, а таксама ахову здароўя і сістэму сацыяльнай абароны. Паказчыкі вобласці дэманструюць значныя вынікі і напрацаваны вопыт і на тэрыторыі Шумілінскага раёна, што і паслужыла падставай для правядзення тут выязнога семінара. Інфармацыя, атрыманая ў ходзе азнаямлення з аб’ектамі раёна, дапаможа дэпутатам у рабоце са зваротамі на асабістых прыёмах грамадзян, а таксама стане важным элементам фарміравання карпаратыўнай культуры дэпутацкага корпуса.
ФАКТЫ
У Віцебскай вобласці пражывае больш за 255 тыс. пажылых грамадзян, 77 доўгажыхароў.
Працуюць 25 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 15 сацыяльных пансіянатаў.
Галоўная задача сацыяльнай службы – забяспечыць даступнасць сацыяльнага абслугоўвання. Віцебшчына займае лідзіруючае становішча па забяспечанасці інвалідаў і пажылых сацыяльнымі паслугамі.
За апошнія пяць год тройчы выходзіла ў краіне ў лідары ў намінацыі «Высокія гарантыі сістэмы сацыяльнай абароны».
Сацыяльная служба рэгіёна пастаянна развіваецца, укараняюцца новыя формы работы, адкрываюцца новыя аддзяленні, працуюць сацыяльныя прыёмныя, прымяняюцца новыя тэхналогіі.








