Адказныя за цяпло ў Мікіцісе
Сёлетні студзень выпрабоўвае на трываласць: і снегу падсыпаў, і марозам ціскануў. У такое надвор’е асаблівая адказнасць ляжыць на работніках жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія забяспечваюць цяплом шматкватэрныя дамы і сацыяльныя аб’екты. Напрыканцы мінулага тыдня мы пабывалі ў кацельні аграгарадка Мікіціха і паглядзелі, як наладжаны рабочы працэс і хто адказвае за цяпло ў аграгарадку.
Майстар кацельні ў аграгарадку Мікіціха Вадзім Пінягін расказаў, што кацельня працуе стабільна, устойліва забяспечвае цяплом і гарачай вадой больш за тры дзясяткі аб’ектаў у аграгарадку: шматкватэрныя дамы, школу, дзіцячы сад, урачэбную амбулаторыю, цэнтр культуры. Электронныя маніторы на катле і ў аператарскай адлюстроўваюць увесь тэхналагічны працэс, паказваюць работу кожнага элемента абсталявання, тэмпературу і паступленне вады.
“У 2024 годзе ў кацельні праведзена мадэрнізацыя. Тут устаноўлены два катлы на цвёрдых відах паліва (шчапе) магутнасцю 2 МВт – для ацяплення, які і працуе зараз, і 0,5 МВт – для забеспячэння гарачай вадой у цёплы перыяд года, – адзначыў майстар. – Ёсць і газавы кацёл, які знаходзіцца ў рэзерве. Кацельня поўнасцю аўтаматызавана, самастойна падтрымлівае падачу паліва ў залежнасці ад тэмпературы вонкавага паветра і зададзенай тэмпературы вады на выхадзе. Без збояў адпрацавалі ў мінулым сезоне, гэтак жа працуем і зараз”.
Кацельня спажывае за сезон 3,5-4 тысячы кубаметраў паліва, якое паступае з лясгаса і вырабляецца УП ЖКГ. Да пачатку ацяпляльнага перыяду быў створаны запас паліва ў 2 тысячы кубаметраў, паступова ён папаўняецца.
Кацельню абслугоўваюць 6 аператараў пазменна і адзін слесар. Калектыў вопытны, з вялікім стажам работы.
Самы малады работнік – аператар кацельні Юлія Гендаль. Юлія мясцовая, жыве ў вёсцы Добрына. На работу ўладкавалася ў мінулым годзе спачатку слесарам, які забяспечвае штодзённы тэхнічны догляд за абсталяваннем. Потым адвучылася ў Віцебскім вучэбным цэнтры ЖКГ на аператара кацельні на цвёрдых відах паліва і аператара кацельні на газавым паліве.
“Працаваць нескладана, бо кацельня аўтаматычная. Аднак адчуваю вельмі вялікую адказнасць, асабліва зімой, у вялікія маразы. Ад нас залежыць цяпло ў кватэрах, – кажа малады аператар. – Трэба быць уважлівай, дакладна ведаць абсталяванне, каб разумець сігналы камп’ютара, ліквідаваць парушэнні ў рабоце тэхнікі. Пастараемся і сёлетнюю зіму перажыць у спакойным рабочым рэжыме, без збояў”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.





