Марафон дабра
Студзень – час чараўніцтва, якое дапамагае нам верыць у лепшае і робіць наша жыццё больш яркім і шчаслівым. Менавіта ў гэтым месяцы праходзяць калядныя мерапрыемствы, якія суправаджаюцца цудоўнай атмасферай цяпла, радасці і надзеі.
Арганізоўваць дабрачынныя канцэрты – добрая традыцыя сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна, якую ахвотна падтрымліваюць педагогі, вучні і іх бацькі. Чарговы з іх, трэці па ліку, прайшоў напярэдадні старога Новага года і стаў па-сапраўднаму цёплым і незабыўным.
У рамках дабрачыннага канцэрта адбыўся прэм’ерны паказ навагодняй казкі «Брэменскія музыкі». На школьнай сцэне разгарнулася добра знаёмая гісторыя пра каханне Трубадура і Прынцэсы, надзейных сяброў – Ката, Асла, Пеўня, Сабаку і вясёлых разбойнікаў. Спектакль, які паказалі вучні 9-11 класаў, атрымаўся цудоўным! Свой добры настрой гасцям канцэртнай праграмы падарылі салісты студыі «Асарці» (кіраўнік Наталля Філіпава). Педагог Вольга Сарокіна правяла майстар-класы з дзецьмі.
На мерапрыемстве прайшла акцыя «Свечка надзеі». Чаго тут толькі не было! І смачная выпечка ад повараў школы, і адмысловыя вырабы ручной работы ад педагогаў школы: свечкі ад Аляксандры Далецкай, мяшочкі з лавандай ад Наталлі Лаўрыновіч, ажурныя сняжынкі з пластыку ад Наталлі Бурэль, календары ад Аляксандра і Святланы Петуховых, нататнікі, буклеты, васількі-бутаньеркі ад Ксеніі Гаевай (спецыяліста па турызму турцэнтра Шумілінскага раёна), алмазныя карціны, паштоўкі і многае іншае ад вучняў і іх бацькоў. Дабрачынны паказ стаў яскравым сведчаннем таго, як мастацтва і ўвага могуць стварыць атмасферу радасці і натхнення.
– Для мяне, як для гледача, гэта проста падарунак! Я адчула настальгію па тых часах, калі яшчэ дзіцём упершыню ўбачыла культавы мультфільм. Спектакль проста выдатны! Школе абавязкова трэба працягваць гэтую цудоўную традыцыю! Яна выхоўвае ў дзецях намнога больш якасцей, чым проста артыстызм! – падзялілася ўражаннямі Ганна Багданава.
У рамках сустрэчы быў арганізаваны збор сродкаў маленькаму жыхару райцэнтра Цімуру Скараходу для праходжання рэабілітацыі. Сродкі былі перададзены маці хлопчыка Анастасіі Іванаўне. Няхай падтрымка добрых сэрцаў абавязкова дапаможа хлопчыку стаць здаровым!
Вольга КОЦІКАВА, рэдактар школьнай газеты «На школьнай хвалі».

