Таленавітыя дзеці працягваюць праслаўляць Шуміліншчыну
У Віцебскай вобласці падвялі вынікі традыцыйнай абласной выставы-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Калядныя матывы». Рэкордная колькасць юных талентаў – больш за 400 чалавек з 81 установы адукацыі і культуры – прыняла ў ёй удзел. Сярод іх за асаблівае ўменне перадаць тую самую непаўторную атмасферу каляднага цуду ў працах, выкананых у тэхніках графікі, жывапісу і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, запомніліся імёны выхаванцаў з Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
Вучаніца выяўленчага аддзялення Ганна Сарокіна (работа «Новы год да нас імчыцца») і Арына Яфрэмава («Напярэдадні Калядаў») атрымалі спецыяльныя дыпломы «За перадачу святочнай атмасферы».

Выдатную магчымасць для творчай рэалізацыі і далучэння падрастаючага пакалення да праваслаўных традыцый ужо шмат гадоў дорыць Віцебская епархія, з’яўляючыся адным з ініцыятараў конкурсу. «Праз мастацтва дзеці глыбей спасцігаюць духоўную сутнасць светлага свята Нараджэння Хрыстова», – адзначыў кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі епархіі протаіерэй Андрэй Смольскі.
Поспех шумілінскіх юных мастакоў у чарговы раз даказаў, што ў нас жывуць здольныя і таленавітыя дзеці, якія ўмеюць тонка адчуваць і ўвасабляць прыгажосць навакольнага свету ў сваёй творчасці, пад чулым кіраўніцтвам прафесійнага педагога Вольгі Шарыпавай.
«Гэта заслужаны і прыемны вынік. Такія перамогі не выпадковасць, за імі стаіць вялікая праца нашых мэтанакіраваных вучняў і іх настаўнікаў. Удзел і ўзнагароды ў абласных конкурсах матывуюць дзяцей і даюць ім упэўненасць у сваіх сілах на высокім узроўні», – пракаментавала поспех сваіх падапечных дырэктар ДШМ Алена Сцяпанава.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
