Январь — месяц религиозного туризма. Рассказываем про санктуарий Матери Божьей Фатимской в агрогородке Светлосельский Шумилинского района

Духоўнае Общество Спорт, туризм

СТУДЗЕНЬ –  МЕСЯЦ РЭЛІГІЙНАГА  ТУРЫЗМУ. Цяпло і падтрымка  Маці Божай Фацімскай

Студзень у Беларусі аб’яўлены месяцам рэлігійнага турызму.

Беларусь з яе шматвяковай гісторыяй і глыбокімі рэлігійнымі традыцыямі з’яўляецца месцам, дзе розныя канфесіі мірна суседнічаюць і развіваюцца на працягу стагоддзяў, пакідаючы багатую і разнастайную культурную спадчыну.

Рэлігійны турызм – асаблівы від падарожжаў, які выходзіць за рамкі звычайнага адпачынку і пазнання. Ён звязаны з духоўнымі пошукамі, пілігрымкай да святых мясцін, вывучэннем рэлігійных традыцый і культурнай спадчыны. Гэтае падарожжа можа быць выклікана асабістымі перакананнямі, жаданнем умацаваць веру, ушанаваць памяць святых ці проста дакрануцца да гісторыі і культуры розных рэлігій.

Студзень – месяц, калі марознае паветра робіцца асабліва празрыстым, а снежныя далі заліваюцца блакітным ззяннем. У гэты час рэлігійны турызм набывае глыбіню і сэнс: да святых месцаў вядуць не ратаптаныя летнія сцежкі, а заснежаныя дарогі, дзе кожны крок нагадвае пра духоўнасць. Адно з такіх месцаў – санктуарый Маці Божай Фацімскай у аг. Светласельскі, які ўзнік на рэлігійнай карце Беларусі параўнальна нядаўна, але ўжо стаў цэнтрам каталіцкага жыцця Віцебшчыны.

Санктуарый Маці Божай Фацімскай быў створаны па просьбе біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў 2000 годзе. Першая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Фацімскай тут адбылася 13 мая 2000 года пасля здзяйснення ў віцебскім касцёле першых у гісторыі дыяцэзіі святарскіх пасвячэнняў. У ліку святароў тады быў і будучы Віцебскі ардынарый Алег Буткевіч.

«Сёння гэты дом – не проста храм, а цэлы духоўны аазіс. Гэта месца асаблівага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ў Фаціме заклікала да малітвы і пакаяння. Сюды людзі прыязджаюць не толькі паглядзець на святыню, але перш за ўсё сустрэцца з Маці Божай у малітве, – расказвае айцец Яўгеній Шымановіч. – У 2008 годзе побач з касцёлам з’явіўся помнік Папу Яну Паўлу II, які нібы бласлаўляе ўсіх прыхаджан».

Шумілінскі касцёл вядомы перш за ўсё фэстамі Маці Божай Фацімскай, якія ладзяцца 13 чысла з мая па кастрычнік. Сотні паломнікаў з розных куткоў Беларусі з’язджаюцца сюды, каб супольна маліцца, спяваць і адчуваць адзінства. Але зіма прапануе свой, больш інтымны досвед. Без летняй мітусні можна пабачыць, як жыве парафія знутры: як касцёл рыхтуецца да святаў, паразмаўляць з прыхаджанамі, пастаяць у маўклівай малітве да Маці Божай Фацімскай. Многія пілігрымы адзначаюць, што менавіта зімой асабліва

адчуваюць яе ціхую, але вельмі рэальную прысутнасць і клопат.

Асаблівасць касцёлу – гатоўнасць прыняць гасцей не толькі на некалькі гадзін. Тут ёсць магчымасць размясціць да 50 чалавек – цэлую групу паломнікаў, сям’ю, якая хоча правесці духоўны рэлакс. Уявіце сабе: вы прачынаецеся ў цёплым пакоі, за акном – велічныя сосны, на сняданак вас чакаюць у агульнай трапезнай. Пасля – удзел у ранішняй імшы, дзе кожнае слова гучыць асабліва выразна. Днём – прагулкі, увечары – супольныя малітвы або проста гутаркі. «Мы верым, што сама Маці Божая запрашае сюды людзей і вучыць нас прымаць гасцей па-матчынаму – з цеплынёй і без спешкі», – адзначае айцец Яўгеній.

«Некаторыя думаюць, што зімой духоўнае жыццё заціхае, – кажа айцец

Яўгеній. – Гэта не так. У студзені тут яшчэ доўга жыве дух ражаства: святар разам з вернікамі наведвае хворых і адзінокіх, каб прынесці ім малітву, віншаванне і бласлаўленне дамоў. Для многіх гэта становіцца знакам таго, што яны не засталіся сам-насам са сваім болем. Студзеньскія наведвальнікі часта адкрываюць для сябе штосьці новае не толькі ў веры, але і ў сабе».

Касцёл Маці Божай Фацімскай – не проста кропка на карце рэлігійнага турызму. Гэта месца, дзе многія адкрываюць для сябе пяшчоту Марыі, яе ціхую, але моцную падтрымку. Тут можна знайсці студзеньскае цяпло, дзе малітва пераплятаецца з гасціннасцю, а вера – з простай чалавечай спагадай.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *