У лепшым райаддзеле Віцебшчыны служыць лепшы следчы

Па выніках работы за 2025 год Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прызнаны лепшым следчым падраздзяленнем Віцебскай вобласці, а старшы следчы Шумілінскага РАСК Аксана Аглушэвіч – лепшым следчым.
Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Канстанцін Бычак прыняў удзел у аператыўнай нарадзе, на якой ішла размова пра вынікі следчай работы ў Віцебскай вобласці за мінулы год і развіццё ў 2026 годзе. Па выніках службовай дзейнасці ў 2025 годзе лепшымі падраздзяленнямі сталі Шумілінскі раённы, Аршанскі міжраённы і Віцебскі раённы аддзелы Следчага камітэта. У лік лепшых следчых тэрытарыяльных следчых аддзелаў вобласці трапіла Аксана Аглушэвіч (Шумілінскі РАСК). Каштоўныя падарункі пераможцам уручыў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Аляксандр Гуцко.
– На мерапрыемстве было адзначана, што прынятыя арганізацыйна-практычныя меры дазволілі палепшыць паказчыкі, якія характарызуюць якасць следчай работы, – расказвае начальнік Шумілінскага РАСК Яўген Іваноў. – Адна з асноўных задач Следчага камітэта – усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае расследаванне злачынстваў. Выконваючы свае штодзённыя службовыя абавязкі, мы прытрымліваемся арыенціру – аператыўнасць і якасць. На пасадзе начальніка райаддзела я знаходжуся пяць год і хачу адзначыць, што мне пашанцавала працаваць з такім калектывам.
Яўген Іваноў падкрэсліў, што калектыў райаддзела невялікі – следчыя Кацярына Каяновіч, Андрэй Селязнёў, Снежана Карпава, Людміла Данілава і Аксана Аглушэвіч, інспектар па тыле Антон Сілін і інспектар па прававытворчасці Святлана Багданава. Больш за год ёсць вакансія следчага. Нягледзячы на недакамплект, РАСК спрацаваў на ўсе сто працэнтаў. І лічбы гэта пацвярджаюць. У мінулым годзе на разглядзе ў следчых Шумілінскага РАСК знаходзіліся 234 заявы (паведамленні) аб злачынствах. Па 129 заявах і паведамленнях прыняты рашэнні аб узбуджэнні крымінальнай справы, яшчэ 20 крымінальных спраў прыняты да вытворчасці ўзбуджаных пракуратурай раёна. Рэальнае пакрыццё маёмаснай шкоды асобам, якія пацярпелі ад злачынных дзеянняў па скончаных крымінальных справах у 2025 годзе, склала 96,8%. Следчымі ўнесена ў арганізацыі і прадпрыемствы раёна 68 прадстаўленняў аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, падрыхтавана 17 інфармацыйных лістоў, праведзена 160 лекцый і гутарак у арганізацыях, прадпрыемствеах, установах адукацыі, накіраваных на прафілактыку розных правапарушэнняў і злачынстваў.

Аксана Аглушэвіч, якая стала ў 2025 годзе ў вобласці лепшым следчым, працуе трэці год, хаця ў Следчым камітэце са дня ўтварэння (працавала інспектарам па справавытворчасці). «Аксана – сапраўдны прафесіянал, працуе без працэсуальнага браку, – адзначае Яўген Іваноў. – Летась пракурору для накіравання ў суд былі перададзены 24 крымінальныя справы, якія яна разглядала».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
