«Снегавая рыдлёўка – выдатны трэнажор»
Адна справа расчышчаць дарогі спецтэхнікай, зусім іншая – працаваць з рыдлёўкай у руках, калі на вуліцы больш за дваццаць градусаў ніжэй нуля, на мастах, аўтобусных прыпынках, пуцеправодах, дзе няма ні даху над галавой, ні печак.
У такіх складаных умовах надвор’я цэлы дзень працуюць дарожныя рабочыя ДРБУ-204. У пачатку тыдня мы заспелі іх у Мішневічах, дзе яны расчышчалі мост праз раку Усысу. «Праезную частку пачысцілі практычна адразу пасля снегападу лапатамі МАЗаў, – расказаў дарожны рабочы Аляксандр Сцепаненка. – Наша задача – пачысціць 60-мятровую пешаходную дарожку на мосце, каб людзям было зручна і бяспечна рухацца. І заадно мост разгружаем ад снегавой навалы. Снегавая рыдлёўка, скажу я вам, – выдатны трэнажор, які трэніруе амаль усе групы мышцаў».
Разам з Аляксандрам Сцепаненкам працуе яго калега Сяргей Маркаў. «Працаваць не холадна – прадпрыемства выдала зімовыя курткі, абутак і пальчаткі, – дадаў Сяргей. – Не забываем пра ахову працы ў маразы – праз кожную гадзіну робім дзесяціхвілінныя перапынкі. Грэемся ў кабіне дарожнага аўтамабіля, які стаіць побач, п’ём гарачы чай ці каву. Тэрмасы заўсёды бяром з сабой». Пасля ачысткі моста дарожныя рабочыя паехалі далей – чысціць аўтобусныя прыпынкі ў аграгарадку Мішневічы і вёсцы Сураўні.
Дарэчы, усяго на балансе ДРБУ-204 знаходзіцца 48 мастоў і 138 аўтобусных прыпыначных пунктаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА

