Жыццёвая ўдача ці шчаслівы лёс
Жыццёвай удачай і шчаслівым лёсам лічыць Галіна МАРКАВА тое, што ў маладосці вывучылася на фармацэўта і шмат гадоў працуе ў аптэцы ў Мікалаеве.
Прафесія фармацэўта падабалася Галіне Маркавай з дзяцінства. З заміраннем сэрца заходзіла яна ў аптэку, ёй здавалася, што працуюць тут самыя разумныя людзі. Можа, таму і палюбіла хімію, бо гэты прадмет трэба ведаць дасканала пры паступленні ў медыцынскі каледж. Родам з Магілёўскай вобласці, Галіна Браніславаўна вывучылася на фармацэўта і ў 1984 годзе прыехала працаваць у Мікалаеўскую аптэку. І гэты, як яна думала, часовы перыяд, зацягнуўся вось ужо на 41 год.
«Наша аптэка гатовых формаў, – кажа Галіна Маркава. – Добра ведаю людзей з усіх навакольных вёсак, і гэта вельмі дапамагае ў рабоце. За лякарствамі прыязджаюць нават з вёсак суседняга Бешанковіцкага раёна. Наша аптэка хаця і невялікая, але ж тут больш за тысячу розных лекавых сродкаў».
У Мікалаеўскай аптэцы пакупнікоў больш у зімовы перыяд, калі людзі часта хварэюць на грып ці вірусныя інфекцыі, ёсць пастаянныя пакупнікі, якія прымаюць лекі пастаянна з-за хранічных захворванняў. Заходзяць і праезджыя (траса праходзіць міма), летам частымі пакупнікамі бываюць дачнікі.
«Наша Галіна Браніславаўна Маркава – адзін з самых вопытных фармацэўтаў раёна, – кажа загадчыца цэнтральнай аптэкі № 40 г. п. Шуміліна Анастасія Маскалькова. – Яна вопытная, адданая сваёй прафесіі, тактоўная, камунікабельная і ўважлівая, шчырая да людзей».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

