Напряжённой выдалась зима для социальных работников Шумилинского района

Общество

Маршруты дапамогі

Снежны і марозны студзень стаў напружаным часам для сацыяльных работнікаў ТЦСАН, якім прыйшлося прыкласці шмат сіл і намаганняў: перакідаць рыдлёўкамі тоны снегу, нанасіць са студні сотні літраў вады пра запас, з дрывотні – дроў на некалькі дзён.

У раёне 47 сацыяльных работнікаў абслугоўваюць 535 сталых людзей і інвалідаў. Многія нямоглыя ў снегапады і марозы не выходзяць на вуліцу. Бытавыя праблемы, прычым не толькі тыя, што ўваходзяць у спіс абавязкаў, узялі на сябе сацыяльныя работнікі. Яны расчышчалі снег, дастаўлялі лякарствы, хадзілі ў магазін. Асабліва цяжка прыйшлося тым, хто працуе на вёсцы. У снегапады на веласіпедзе не праедзеш, а дайсці да падапечнага з прадуктовымі сумкамі на адлегласці пяці кіламетраў ці больш, гэта, згадзіцеся, нялёгка. А каля дома яшчэ рыдлёўкай памахаць, вады прынесці, грубку прапаліць…

З сітуацыі выходзілі па-рознаму, галоўнае, каб падапечным было цёпла, утульна і сытна. Напрыклад, сацыяльны работнік Глафіра Маркіянава з Клётчына на час вялікіх маразоў забрала да сябе ў дом некалькі падапечных. Так не трэба было хвалявацца за тое, што сталым людзям холадна ў старэнькіх дамах і што яны могуць перапаліць печкі.

«Накарміць гарачым абедам падчас халадоў – таксама важна, – падзялілася Святлана Матора з Сіроціна. – У многіх вяскоўцаў у сенцах замерзлі газавыя балоны, ежу неяк было прыгатаваць. Таму я гэта рабіла дома. Варыла суп, пюрэ ці кашу і ў тэрмасе разносіла сваім падапечным».

Нялёгка прыйшлося сацыяльнаму работніку Жанне Лузгіной з Казьян, калі былі перабоі з прыездам аўталаўкі. Звязалася са старшынёй мясцовага сельвыканкама Галінай Зязюлькай, якая дапамагла з дастаўкай прадуктаў.

У цэнтры ўвагі сацработнікаў – не толькі адрасная дапамога адзінокім пажылым і людзям з інваліднасцю. Рэалізуецца праект «Суседская дапамога», калі сацработнікі аказвалі дапамогу і адзінокім суседзям сваіх падапечных. Бясплатна, па шчырасці душы сваёй. Пры гэтым не забывалі і пра бяспеку, звярталі ўвагу на спраўнасць печак і электраправодкі. У студзені дваім адзінока пражываючым устанавілі ў доме аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН працуюць яшчэ па праекце «Сацыяльны суботнік» – некалькі сацработнікаў, якія працуюць на тэрыторыі аднаго сельсавета, збіраюцца разам і аказваюць дапамогу канкрэтнаму чалавеку (ён можа і не быць на надомным абслугоўванні). Падчас нядаўняга суботніка ў Обалі шасцёра мясцовых сацыяльных работнікаў сабраліся разам і дапамаглі ветэрану педагагічнай працы Таццяне Марозавай: расчысцілі снег каля дома, склалі дровы, нанасілі вады.

У аддзяленні пярвічнага прыёму і аналізу працуе «гарачая лінія», дзе прымаюцца званкі-заяўкі ад пажылых грамадзян. Падчас студзеньскіх снегападаў і маразоў спецыялісты ТЦСАН патэлефанавалі 183 сталым людзям і запыталі, якая дапамога патрэбна.

Ларыса ЗАЙЦАВА

Слова – загадчыку аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Таццяне КАРНЕЕВАЙ:
– За студзень нашы сацработнікі зрабілі многа добрых спраў. Працавалі і па выхадных, і вечарамі. Расчысцілі снег 662 нямоглым людзям, даставілі прадукты харчавання у 591 дом, гарачае харчаванне – 61 раз. 851 сталаму чалавеку нанасілі ў дом ці на ганак дроў з запасам, 654 – ваду са студні ці з калонкі. 203 пенсіянерам ці інвалідам даставілі неабходныя лекі з аптэкі, 6 дапамаглі дабрацца да медустаноў, 321 – прапальвалі печкі ці грубкі. Працавалі на сумленне, не лічачыся з уласным часам. Хочацца выказаць словы шчырай падзякі ўсім нашым сацыяльным работнікам за адказнасць, мабільнасць, душэўную цеплыню і шчырыя сэрцы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *