«Гэта больш крута, чым космас»
Старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч і прадстаўнікі сельскагаспадарчай галіны раёна наведалі ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя», якое з’яўляецца вядучым у вобласці біятэхналогій.
СКАЗАНА:
– Я параўнаў нашу вытворчасць Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі з космасам. Я лічу, што гэта больш крута, чым космас. Запусціць чалавека ў космас – гэта не праблема. А вось стварыць такую вытворчасць – гэта больш складана.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 4 лістапада 2022 года.
«Мы былі ўражаны магутнасцю новага прадпрыемства, запушчанага ў 2022 годзе, – расказала спецыяліст ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Плюшчыкава. – Карпарацыя спецыялізуецца на глыбокай перапрацоўцы зерня з выкарыстаннем мікрабіялагічнага сінтэзу. Тут арганізавана вытворчасць кармавых дабавак, амінакіслот, ветпрэпаратаў як для ўнутранага, так і знешняга рынкаў. Гэта, сапраўды, прадпрыемства будучага».
Дэлегацыя раёна наведала таксама жывёлагадоўчыя аб’екты ААТ «Нестановічы-АГРА» Лагойскага раёна, паглядзелі, як арганізавана ўтрыманне і догляд цялят, даенне кароў. «Ёсць чаму павучыцца і што пераняць, – падзяліўся ўражаннямі дырэктар ААТ «Ляжні» Дзмітрый Людчык. – Пабывалі ў вялікім прафілакторыі, дзе ўтрымліваецца больш за паўтары сотні цялят. Тут маладняк стаіць у чатыры рады, зроблены шырокія праходы для тэхнікі, так будзем рабіць і ў нашай гаспадарцы. Сёлета каля фермы Ляжні-3 мяркуем будаваць прафілакторый. Хацелася б набыць і так званае малочнае таксі – пастэрызатар на колах для выпойвання цялят, якім даўно карыстаюцца на Лагойшчыне».
Ларыса ЗАЙЦАВА.



