«Мова шчырая: квітней у нашых думках, словах і справах!»
У СШ № 1 г. п. Шуміліна з 16 па 21 лютага праходзіць Тыдзень роднай мовы.
«Падчас тыдня нагадваем вучням, што Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага з 2000 года.
Гэтае свята – яшчэ адна нагода задумацца пра лёс роднай мовы. З яе дапамогай мы, беларусы, можам далучыцца да нашай духоўнай спадчыны, якую пакінулі нам продкі, пазнаць гісторыю, падзяліцца сваімі думкамі і перажываннямі, – расказвае настаўнік беларускай мовы і літаратуры арганізатар тыдня Дзіяна Кахтэнка. – Усе мерапрыемствы праходзяць пад дэвізам “Мова шчырая: квітней у нашых думках, словах і справах!”».
У панядзелак вучні, настаўнікі, бацькі і ўсе, хто прыходзіў у школу, адгадвалі беларускія народныя загадкі. Для некаторых народная мудрасць стала адкрыццём багацця і вобразнасці роднай мовы.
Сапраўднае шоу атрымалася падчас «Караоке па-беларуску». Аказваецца, дзеці ведаюць і любяць беларускія песні. Гучалі «Касіў Ясь канюшыну», «Завіруха», але сапраўдным хітом была песня групы «Дразды» «Хата бацькоў».
Актыўным было і наведванне школьнай бібліятэкі, дзе любы жадаючы ўслых чытаў любімыя творы. Як высветлілася, самыя любімыя беларускія аўтары – Янка Купала, Яўгенія Янішчыц і Рыгор Барадулін. Не мог тыдзень роднай мовы прайсці без акцыі «Гаворым па-беларуску». Нехта саромеўся, у некаторых не зусім атрымлівалася, але мова гучала ў розных кутках школы і кожнай гадзінай беларускасці станавілася больш.
Сёння ў школе праходзіць конкурс чытальнікаў, на якім вучні на памяць чытаюць свае любімыя беларускія творы.
А заўтра пройдзе традыцыйны раённы брэйнрынг, прысвечаны роднай мове.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

