У раёне па-ранейшаму рэгіструюцца кіберзлачынствы, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Толькі за апошнія дзесяць дзён сваіх грошай пазбавіліся трое грамадзян. Заўважым, усе жанчыны.
Жыхарка раёна вырашыла зарабіць грошай у інтэрнэт-прасторы і знайшла ў цік-току (са спасылкай на тэлеграм) адпаведную біржу, дзе, як на тым «полі цудаў» з казкі пра Бураціна, павінны былі «вырасці» грошы. Расказваючы пра водгукі задаволеных інвестараў і іх прыбытковыя здзелкі, жанчыну запэўнівалі ў праўдзівасці і бяспечнасці такой схемы заробкаў. Угаворвалі, што трэба пакласці на біржу больш рублёў, каб атрымаць, адпаведна, большы прыбытак. За некалькі разоў жанчына перавяла больш за 6 тысяч рублёў. І калі захацела забраць грошы, не атрымалася – кантакты былі заблакіраваны, сувязь абарвалася.
Другой жыхарцы раёна патэлефанавалі «супрацоўнікі праваахоўных органаў» і паведамілі, што на яе імя ўзяты крэдыт, а грошы накіроўваюць на падтрымку ваенных дзеянняў ва Украіне. Таму дома чакаецца вобыск – усе наяўныя грошы трэба пакласці ў банк. Жанчына так і зрабіла, а потым перадала пароль ад інтэрнэт-банкінга невядомым. Няцяжка здагадацца, што грошы (3 тысячы рублёў) праз некалькі хвілін бясследна зніклі.
У трэцім выпадку жыхарка раёна знайшла ў інстаграм інтэрнэт-магазін, які нядорага прадаваў футры. Вырашыла купіць, перавяла за пакупку 320 рублёў. Цяпер ні футра, ні грошай.
Падсумоўваем страты: жыхаркі раёна пазбавіліся ў агульнай суме амаль дзесяці тысячы рублёў. А маглі б гэтыя грошы патраціць на сябе любімую, на дзяцей ці сям’ю. Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы.
Слова – оперупаўнаважанаму крымінальнага вышуку РАУС Максіму Васільеву:
– Махляры дзейнічаюць упэўнена, даверлівасць людзей ім толькі на руку. Тэлефануюць пад выглядам работнікаў пошты, сувязі, праваахоўных органаў, банкаўскіх устаноў. Гавораць хутка, упэўніваюць, што неабходна дзейнічаць хутка, не раіцца са сваякамі і нікому не расказваць. Мэта адна – любым спосабам атрымаць персанальныя дадзеныя або рэквізіты банкаўскай карты, пароль ад інтэрнэт-банкінга.
Наконт заробкаў на біржах. Казачных лёгкіх заробкаў не бывае. Патрабаванне тэрмінова перавесці сродкі, прапановы зарабіць на біржы вялікія грошы – прыкметы таго, што вы маеце справу з аферыстамі.
І апошняе. Пры пакупцы рэчаў у інтэрнэт-магазінах спачатку атрымлівайце тавар, а потым ужо плаціце. Не верце тым магазінам, дзе прапануюць максімальныя скідкі – хутчэй за ўсё гэта падман.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

