Пра работу ў выхадныя і працоўны дагавор
Ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама прайшоў прафсаюзны прававы прыём, у рабоце якога прыняў удзел пракурор раёна Антон Гарохаў. Асноўная тэма прыёму – рэжым працы і адпачынку.
Спачатку інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Святлана Кузьміна і яе калегі нагадалі, што па рэжыме працы і адпачынку прадугледжвае Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, а потым прадстаўнікі райвыканкама задавалі пытанні. Атрымалася канструктыўная дзелавая размова-дыялог па сутнасці.
Работа ў выхадныя дні.
Часта здараецца так, што на фермах, у паляводчых брыгадах трэба працаваць і ў выхадныя. Работа дапускаецца па прапанове наймальніка і са згоды работніка, але не больш за 12 дзён у год, акцэнтавала ўвагу Святлана Кузьміна. У асобных выпадках такая работа можа быць рэкамендавана спецыялістамі камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама ці Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым работніку прадугледжана кампенсацыя: грашовая або ў выглядзе дадатковага выхаднога дня.
А калі без згоды работніка?
Наймальнік мае права ў выключных выпадках прыцягваць людзей да работы без іх згоды: дзеля папярэджання катастрофы, вытворчай аварыі, выканання работ, неабходных для ліквідацыі наступстваў стыхіі, для папярэджання няшчасных выпадкаў, для ліквідацыі прычын, якія могуць парушыць нармальнае функцыянаванне водазабеспячэння, газазабеспячэння, ацяплення, асвятлення, каналізацыі.
Выхадны можа быць не ў нядзелю.
Графік работы спецыялістаў можа адрэгуляваць сам наймальнік адпаведным загадам.
Працоўны дагавор – у прыярытэце.
Прыйшла вясна, а там не за гарамі і летне-пашавы перыяд. У некаторыя сельгаспрадпрыемствы будуць дадаткова браць на работу пастухоў. «Пры гэтым наймальніку пры прыёме на работу трэба заключаць працоўны дагавор, а практыку дагавору падраду выкараняць, – звярнуў увагу пракурор раёна Антон Гарохаў. – Кожны наймальнік павінен памятаць, што прыцягнуць чалавека да адказнасці можна толькі з дапамогай працоўнага заканадаўства, а не грамадзянска-прававога. Падмены працоўных адносін грамадзянска-прававымі не павінна быць».
Работа па сумяшчальнасці.
У некаторых сельгасарганізацыях выкарыстоўваецца такая форма работы, калі ў вольны ад асноўнай работы час чалавек выконвае дадатковую работу ў свайго наймальніка ці іншага на ўмовах другога працоўнага дагавору. Працягласць рабочага часу, устаноўленая наймальнікам для работнікаў па сумяшчальнасці, не можа перавышаць паловы рабочага часу чалавека, якія працуе на стаўку.
Прафсаюзныя інспектары і пракурор раёна адказалі на іншыя пытанні працоўнага заканадаўства, якія цікавілі ўдзельнікаў сустрэчы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

