Пад сцягам Айчыны
15 акцябрат, 14 піянераў і 15 членаў БРСМ – такі вынік урачыстай цырымоніі прыняцця ў рады грамадскіх аб’яднанняў, якое прайшло ў СШ № 1 г. п. Шуміліна напярэдадні Дня Канстытуцыі.
У СШ № 1 панавала ўрачыстая атмасфера. На мерапрыемства, прысвечанае Асноўнаму Закону краіны, сабраліся вучні з шумілінскіх і Башнеўскай школ, настаўнікі і госці, каб стаць сведкамі важнага кроку ў жыцці юных грамадзян – уступлення ў рады грамадскіх аб’яднанняў. Гэтая падзея стала яркім сімвалам адзінства і пераемнасці пакаленняў.
Першымі далучыліся да вялікай сям’і грамадскіх арганізацый самыя маленькія – 15 вучняў пачатковых класаў сталі акцябратамі. Чырвоныя зорачкі заззялі на грудзях вучняў пачатковай школы, якія ўпершыню ў жыцці далі ўрачыстае абяцанне быць сумленнымі, працавітымі і любіць сваю Радзіму.
Наступным хвалюючым момантам стала пасвячэнне ў піянеры. 14 хлопчыкаў і дзяўчынак з гонарам прымалі з рук старэйшых таварышаў галоўны сімвал прыналежнасці да піянерскай арганізацыі – чырвона-зялёны гальштук. У гэты дзень яны абяцалі быць годнымі грамадзянамі Беларусі і працягваць добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў.
Кульмінацыяй свята стаў прыём у рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. 15 юнакоў і дзяўчат атрымалі членскія білеты і значкі БРСМ. Для іх гэта не проста фармальнасць, а магчымасць рэалізаваць свае ідэі і ўдзельнічаць у жыцці краіны.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людміла Шаўцова ўручыла вітальны адрас Анастасіі Гаевай, якая мае статус «Дзіця міру» і з’яўляецца ўдзельніцай ІІІ этапа рэспубліканскай акцыі «Дзіця міру» з назвай «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Да вучняў звярнулася першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава: «Рабяты, ваша галоўная задача – працягваць рабіць добрыя справы на карысць роднай Беларусі. Вы – будучыня нашай краіны, і менавіта ад вашай актыўнасці залежыць, якой будзе наша агульная Радзіма.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Слова – новым членам ГА БРСМ
Марк Бурлакоў, вучань 11 класа СШ № 1:
– Задаволены, што цяпер я ў вялікай маладзёжнай сям’і. Ведаю, што ў БРСМ шмат крэатыўных ідэй, якія цікавыя і мне. І мы разам зможам прыносіць карысць нашай Радзіме.
Кірыл Канстанцінаў, вучань 9 класа Башнеўскай БШ:
– Для мяне асаблівы гонар стаць членам БРСМ напярэдадні Дня Канстытуцыі. Лічу, што сапраўдны патрыёт павінен знаходзіць аднадумцаў і разам працаваць на карысць Беларусі. А БРСМ – і ёсць каманда аднадумцаў.






