«Лічбавыя фінансы» — так гучыць тэма тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі, які праходзіць у Беларусі з 16 па 22 сакавіка.
Мэтай гэтай інфармацыйнай кампаніі, ініцыятарам якой штогод выступае Нацыянальны банк краіны, з’яўляецца асвета маладых людзей у пытаннях фінансавай пісьменнасці і аказанне ім дапамогі ў авалоданні навыкамі рацыянальных фінансавых паводзін у эпоху лічбавізацыі.
На гэтым тыдні супрацоўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 ААТ «ААБ Беларусбанк» актыўна наведваюць школы і праводзяць урокі фінансавай граматнасці. Банкаўскія работнікі расказваюць вучням пра значэнне фінансавай граматнасці ў жыцці кожнага чалавека, вучаць эфектыўна кіраваць сваімі фінансамі, аплачваць рахункі, рабіць пакупкі ў магазінах і з дапамогай анлайн-сэрвісаў банка, распазнаваць ашуканцаў і абараняць свае фінансы ў лічбавым свеце.
«Сёння Беларусбанк можа прапанаваць карты для дзяцей з 6 год, якія афармляюцца да рахунка бацькоў. Вельмі важна з юнага ўзросту знаёміцца з асновамі вядзення лічбавых фінансаў і правіламі бяспекі, якія неабходна выконваць пры іх выкарыстанні. Звычкі, закладзеныя ў юнацтве, вызначаюць ўсё жыццё, – зазначыла дырэктар ЦБП Вольга Масько. – Засваенне навыкаў работы з лічбавымі фінансамі дапаможа маладым людзям упэўнена крочыць у будучыню, пашыраць свае магчымасці і ўмацоўваць фінансавы дабрабыт».
Алена КАРПУШЭНКА.
5 КАРЫСНЫХ ПАРАД ДЛЯ ЎСІХ
- Вучыцеся распазнаваць фінансавыя пасткі ў Інтэрнэце.Не пераходзьце па падазроных спасылках, не верце «лёгкім заробкам» і «імгненным выплатам», правярайце сайты і дадаткі перад увядзеннем дадзеных.
- Беражыце свае дадзеныя як грошы. Нікому не паведамляйце паролі, коды з SMS і дадзеныя карт, выкарыстоўвайце складаныя паролі. Чым менш інфармацыі вы аддаяце, тым менш шанцаў стаць ахвярай махляроў.
- Вядзіце ўлік даходаў і расходаў. Дарослым гэта дапамагае планаваць бюджэт, дзецям – разумець каштоўнасць грошай і вучыцца адказнасці.
- Развівайце фінансавае мысленне. Вывучайце, як працуюць банкаўскія карты, анлайн-плацяжы, кешбэк, працэнты, тлумачце дзецям простымі прыкладамі: як збіраць, навошта параўноўваць цэны, чаму важна думаць наперад.
- Купляйце свядома. Перад пакупкай анлайн параўноўвайце цэны і чытайце водгукі, вучыцеся адрозніваць паняцці «хачу» і «трэба»


