Ученики из Шумилинской СШ №1 раскрыли все секреты “Охраны”

Образование

“Увага! Спрацавала ахоўная сігналізацыя!”
“Увага! У райцэнтры на вуліцы Карла Маркса,19 спрацавала ахоўная сігналізацыя!” – перадалі з пульта назірання Шумілінскага аддзялення Дэпартамента “Ахова”. І праз некалькі хвілін група затрымання імчалася на аб’ект. Літаральна за хвіліну абследавалі памяшканне знешне, знайшлі месца ўзлому. І з дапамогай службовага сабакі Блэйка “вылічылі злачынцу”, вывелі яго ў наручніках з памяшкання.
Праўда, злачынства гэта было выдуманым, інакш кажучы, інсцэніроўка. Але паказаць работу на практыцы – гэта самы цікавы спосаб расказаць пра яе, лічаць супрацоўнікі Дэпартамента “Ахова”.
І сапраўды, вучні СШ №1, а іх  на Дзень адкрытых дзвярэй завітала ў “Ахову” каля сарака чалавек, з вялікай цікаўнасцю назіралі за падзеямі. Ну, і няхай сабе злачынства было ўяўным,  затое група затрымання, зброя, амуніцыя – усё сапраўднае. Тым больш, што ўсю амуніцыю можна было паглядзець, памацаць і нават прымерыць. Узяць у рукі рацыю, пасядзець у службовым аўтамабілі, узважыць  на руках браніраваную камізэльку  – усё гэта было цікава асабліва хлопцам.
Міліцыянер-кінолаг Сяргей Ярыга выступіў перад дзецьмі са сваім службовым сабакам. Дана паказаў прысутным, як з аднаго слова ці нават жэста разумее свайго гаспадара, як можа ўзяць след і па ім знайсці злачынцу.
Пасля  выступлення дзеці акружылі  міліцыянера, пыта-ліся, як трэніраваць сабаку і дзе ўвогуле можна вывучыцца на кінолага. Гэта было цікава ўсім.
Перад дзецьмі выступіў начальнік Шумілінскага аддзялення Дэпартамента “Ахова” А. П. Шумінскі. Аляксандр Пятровіч у час прафарыентацыйнай гутаркі растлумачыў дзецям, што ўладкавацца працаваць у “Ахову” можна пасля заканчэння любой навучальнай установы. Важна іншае – фізічная падрыхтоўка і жаданне служыць. А на кінолага адпраўляюць вучыцца ў цэнтр павышэння кваліфікацыі УУС Рэспублікі Беларусь.
А. П. Шумінскі адзначыў, што і надалей работнікі “Аховы” мяркуюць праводзіць Дні адкрытых дзвярэй, на якія будуць запрашаць школьнікаў.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *