Памяць пра вайну, кадры і дапамога мнагадзетным сем’ям
Гэтыя тэмы сталі ключавымі на чарговай 28-й сесіі раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Руслана Матвейчука. У рабоце сесіі браў удзел старшыя райвыканкама Мікалай Будневіч.
Памяць пра вайну
З вынікамі рэалізацыі на тэрыторыі раёна Дзяржпраграмы “Увекавечанне памяці пра загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады азнаёміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва.
З даклада.
За гады рэалізацыі праграмы асвоена 65,4 тысячы рублёў, якія выкарыстоўваліся на рамонт і добраўпарадкаванне 63 воінскіх пахаванняў і 68 памятных месцаў, звязаных з вайной, устаноўку мемарыяльных пліт з імёнамі салдат-вызваліцеляў, пахаваных на шумілінскай зямлі.
У выніку пошукавай работы ўстаноўлены імёны 428 савецкіх салдат з 2265, якія застаюцца невядомымі. Работа па ўвекавечанні і пошукавая будуць працягвацца.
Як закрыць кадравы дэфіцыт
Пра праводзімую работу па забеспячэнні патрэб арганізацый раёна ў працоўных кадрах, замацаванні маладых спецыялістаў на месцах, расказала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка.
З даклада.
Захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў дэмаграфіі, якія адбіваюцца на забеспячэнні кадрамі.
Колькасць насельніцтва занятага ў эканоміцы, за год скарацілася на 89 чалавек – да 5962, у той час як насельніцтва старэй працаздольнага ўзросту павялічылася на 104 чалавекі і склала 4940 чалавек.
Сярэдняя забяспечанасць кадрамі па раёне склала 97,2%.
У рэспубліканскім банку вакансій маецца 120 вакансій з нашага раёна. Найбольш запатрабаваныя муляры і тынкоўшчыкі, вадзіцелі і памочнікі ўрача, трактарысты і аператары машыннага даення. Ёсць патрэба ў бухгалтарах, інжынерах, ветурачах, заатэхніках.
Для вырашэння кадравых пытанняў праводзяцца кірмашы вакансій, служба занятасці з пачатку бягучага года ўладкавала на работу 44 чалавекі, на новыя створаныя месцы уладкавана 12 чалавек.
У ліку шляхоў вырашэння кадравага дэфіцыту названы, у першую чаргу, работа з выпускнікамі ўстаноў адукацыі: прафарыентацыйная работа, выдача мэтавых накіраванняў.
Кіраўнік раёна Мікалай Будневіч прапанаваў рабіць асноўны ўпор на мясцовыя кадры. “Мы губляем выпускнікоў шумілінскіх школ, – заўважыў Мікалай Аляксеевіч. – Неабходна арыентаваць іх на патрэбныя раёну спецыяльнасці, а пасля адсочваць іх лёс падчас вучобы і запрашаць на работу ў раён, забяспечваць добраўпарадкаваным жыллём, падтрымліваць у першыя гады работы і такім чынам замацоўваць на малой радзіме”.
Дзяржаўная дапамога мнагадзетным сем’ям
Дэпутаты зацвердзілі рашэнне аб сацыяльнай падтрымцы да новага навучальнага года сямей, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, у выглядзе выплаты аднаразовай дапамогі ў памеры 30% бюджэту пражытачнага мінімуму на 1 жніўня 2026 года на кожнае дзіця школьнага ўзросту. Па папярэдніх разліках, гэтую дапамогу змогуць атрымаць 235 сямей, у якіх выхоўваюцца 532 дзіцяці.
Дэпутаты таксама ўнеслі змяненні ў раней прынятыя рашэнні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ


