Обольская почта встречает праздник обновленной

Главное Новости Общество


Пошта з новым тварам і  арт-аб’ектам

9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. Дата абрана ў гонар стварэння Сусветнага паштовага саюза – першай міжнароднай арганізацыі, якая аб’яднала паштовых аператараў ва ўсім свеце.


Пошта – гэта не толькі спосаб дастаўкі лістоў і пасылак. Гэта важны элемент інфраструктуры, які звязвае людзей, падтрымлівае бізнес і садзейнічае развіццю рэгіёна. Паштовая служба актыўна развівае новыя тэхналогіі і паслугі, арыентуецца на запыты грамадства. Сёлета прыемным падарункам для жыхароў гарадскога пасёлка Обаль стала адрамантаванае аддзяленне паштовай сувязі. Дзень пошты яно сустракае значна абноўленым.

Будаўнічыя работы вяліся з красавіка. Спачатку высеклі кусты, расчысцілі і добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол будынка, дэманціравалі дарожку. Падчас навядзення парадку праявіў ініцыятыву і прыклаў свае працавітыя рукі рабочы па комплексным рамонце будынкаў і збудаванняў Сяргей Галуза, якому дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак сёння ўручыў Падзяку ад Генеральнага дырэктара «Белпошты» Святланы Юркевіч.

«Пасля рамонту будынак пошты ў Обалі, які знаходзіцца на галоўнай вуліцы пасёлка, набыў сучасны выгляд. І мы ў гэтым вельмі пастараліся, – кажа начальнік участка паштовай сувязі Шуміліна Алеся Новікава. – Многія абальчане адзначаюць, што цяпер пошта прэзентабельная, звяртае на сябе ўвагу, яе абавязкова хочацца наведаць».
Нямала работ выканала брыгада Шумілінскай ПМК‑70 – дзякуючы ёй цяпер наведвальнікаў обальскай пошты сустракае абноўлены пафарбаваны фасад будынка. У рамонце падставілі плячо работнікі Шумілінскага ДРБУ‑204 і індывідуальны прадпрымальнік з Обалі Сяргей Кучаравы.


«Разынкай» стаў унікальны арт-аб’ект – паштовая скрыня, якая выканана ў выглядзе мініяцюрнага паштовага вагончыка, які стаіць на рэйках чыгункі. Крэатыўная ідэя ўжо паспела стаць мясцовай славутасцю. Каля ўваходу з’явілася сучасная лаўка для адпачынку і веластаянка.

А ў самім паштовым аддзяленні сустракаюць ветлівыя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы з багатым стажам работы. Паштальён Вольга Лашкова працуе тут ужо амаль трыц­цаць гадоў, больш за дваццаць – начальнік аддзялення Алена Будневіч, больш за дзесяць – паштальён Марына Волкава і аператар Маргарыта Кочнева, сем гадоў таму сюды ўладкавалася спецыяліст па паштовай дзейнасці Яніна Сойка. Адзначым, што жанчыны ўсё паспява­юць: спраўляюцца як на рабоце, так і дома, з’яўляюцца добрымі гаспадынямі. Вольга, Алена і Яніна выхоўваюць па трое дзяцей, Марына – чацвёра. Дачка Марыны Волкавай Анастасія працягвае прафесію маці – закончыла Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі і працуе спецыялістам аддзялення паштовай сувязі Шуміліна.

Работнікі расказалі, што абальчане выпісваюць больш за сотню найменняў газет і часопісаў, самай чытаемай і папулярнай з’яўляецца раённая газета «Герой працы», якую паштальёны носяць больш за 200 падпісчыкам. Кожны дзень прыходзіць на пошту да 70 пасылак, адпраўляецца не менш за 10-15. Актыўна абальчане карыстаюцца экспрэс-поштай – пасылкі дастаўляюцца праз суткі.

«Наша пошта – гэта не проста месца, дзе можна выпісаць газеты, аплаціць камунальныя паслугі ці купіць тавары. У апошні час актыўна развіваецца дадатак “Белпошты” з магчымасцю выдачы паштовых адпраўленняў па QR-кодзе, што дае магчымасць перасылкі з эканоміяй часу і грошай, – кажа Алена Будневіч. – Развіваецца маркетплэйс «POSTMARKET. BY» са зручнымі ўмовамі работы і хуткай дастаўкай тавараў. Наша аддзяленне штодзень абслугоўвае больш за сто чалавек. І мы заўсёды рады наведвальнікам».

Паштовыя акцыі

Сёння праводзіцца акцыя «Сусветны дзень пошты». Сувенір атрымаюць грамадзяне, якія ў паштовым аддзяленні № 2 г. п.Шуміліна (вул. Луначарскага) установяць і зарэгіструюцца ў мабільным дадатку «POSTMARKET».

12 кастрычніка пройдзе акцыя «Павіншуем маму поштай!». Наведвальнікам пошты прапануюць бясплатна адправіць паштоўку пры ўмове яе набыцця ў месцы правядзення акцыі, а таксама ўстаноўцы на смартфон і рэгістрацыі ў мабільным дадатку «POSTMARKET». Па такіх умовах 17 кастрычніка пройдзе акцыя «Дажынкі» ў г. Міёры, 19 кастрычніка – акцыя «Дзень бацькі» з прапановай бясплатна пераслаць па краіне паштоўку.

Алеся Новікава, начальнік Шумілінскага ўчастка паштовай сувязі:

– Напярэдадні Сусветнага дня пошты выказваю шчырую ўдзячнасць усяму калектыву за добрасумленныя адносіны да справы, адказнасць, працавітасць і нашы высокія вынікі. Асобны дзякуй ветэранам паштовай сувязі!
Няхай кожны дзень пачынаецца з усмешкі і завяршаецца пачуццём гонару за сваю працу. Жадаю цяпла, дастатку і дабрабыту ва ўсім!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *