
Журавінавы бум: і запасы зрабіць, і капейку зарабіць
Восень сёлета шчодра ўзнагародзіла багатым ураджаем журавін. Для многіх паходы на балота сталі выдатнай магчымасцю не проста зрабіць карысныя вітамінныя запасы для сям’і, але яшчэ і грошай зарабіць.
Нарыхтоўшчыца з Мікалаева Любоў ДАВЫДЗЕНКА сумяшчае прыём ягад з паходамі на балота. Для яе збор журавін – справа звыклая, але кожны выхад патрабуе фізічнай вытрымкі і сіл. Любімы маршрут – Андрэеўскае балота. Шлях туды нялёгкі: спачатку трэба ехаць на веласіпедзе, потым ісці каля трох кіламетраў пешшу.
– Ягад на балоце ўсыпана, яны буйныя і сакавітыя, – кажа Любоў Мікалаеўна. – Галоўная праблема – вынесці іх з балота на сабе.
Мясцовыя ягаднікі дэманструюць рэкорды па зборы. За адзін паход на балота многія збіраюць па 40 літраў ягад і больш. На нарыхтоўчым пункце ў Кардоне прыёмшчыцай працуе Наталля Маліноўская. «У ягадныя дні прымаю больш за сто кілаграмаў, – расказала яна. – Сёлета зарэгістравала ТАА «Шуміліна Ягады», адкрыла шэсць нарыхтоўчых кропак: дзве працуюць у Мікалаеве, па адной – у Кардоне і Мішкавічах, яшчэ дзве дзейнічаюць на тэрыторыі суседняга Бешанковіцкага раёна. Акрамя гэтага, арганізавала разам з мужам падвоз на Обальскае балота. Вынік – у нарыхтоўчыя арганізацыі Полацка і Лепеля шумілінцы адправілі ўжо больш за дзве тоны ягад.
Галоўным стымулам і матывацыяй для ягаднікаў застаецца прывабная закупачная цана. Калі ў пачатку сезона за кілаграм журавін давалі 3 рублі, то зараз прымаюць па 4,70 рубля за кіло.
На нарыхтоўчым пункце ў Шуміліне здатчыкаў намнога менш. Нарыхтоўшчыца Надзея Шафірава расказала, што цана ў раёне на журавіны аднолькавая. Сярод здатчыкаў у асноўным людзі сталага ўзросту.
Дзесяцілітровае вядро з журавінамі важыць 5,5 кілаграма – вось і лічыце, колькі можна зарабіць. Некаторыя ягаднікі прадаюць тавар на шумілінскім базары па 6 руб. за літр, іншыя вязуць на базар у Віцебск, дзе іх можна прадаць па 7 рублёў. Але ж базарныя ягады павінны мець таварны выгляд, ды і не факт, што пакупнікі знойдуцца хутка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
