У Шуміліне сёння, 10 кастрычніка, ладзіўся восеньскі кірмаш.
«Шумілінскі кірмаш у нас! Купляйце хутка ўсё ў запас!» – заклікалі скамарохі.
Сёння ў райцэнтры было па-сапраўднаму святочна. Восеньскі кірмаш прапаноўваў багаты выбар садавіны і гародніны, сала, саджанцаў і ўнікальных вырабаў ручной работы.
Хіт продажу – саджанцы, зерне, бульба і рыба. Апошняй, адзначым, прадалі 400 кілаграмаў. А бульбы, якая прадавалася ў сямі кропках, толькі гандляры са Століншчыны рэалізавалі пяць тон.
Куплялі яблыкі, капусту, моркву, мёд, апетытныя каўбасы і дамашняе сала. Сапраўдным кветкавым раем выглядалі рады з шыкоўнымі хрызантэмамі. Пакупнікі з задавальненнем дэгусціравалі выпечку і юшку, што прапаноўвалі установы адукацыі раёна.
Свята падарыла ўсім зарад пазітыўных эмоцый. Прадаўцы і пакупнікі адзначылі душэўную энергетыку мерапрыемства, аздобленую вясёлымі песнямі.


































