Шумилинское спортивное обозрение

Новости Спорт, туризм

Сезон адкрыты!
У мінулы чацвер каля шумілінскага возера прайшоў традыцыйны лёгкаатлетычны крос “Перамога” на прызы газеты “Советская Белоруссия”, у якім бралі ўдзел юныя спартсмены. Першы старт у сезоне – самы хвалюючы як для саміх удзельнікаў, так і для іх настаўнікаў.
У плане падрыхтоўкі годна выглядала каманда СШ №1, бо ў яе складзе былі біятланісткі, якія зусім нядаўна завяршылі свой сезон. Забягаючы наперад, адзначым, што ў сваёй узроставай групе біятланісткі Кацярына Маслюкова і Вольга Гаўрылкіна былі па-за канкурэнцыяй і першае месца разыгралі паміж сабой.
Самая шматлікая каманда была з СШ №2. У ёй прадстаўлены практычна ўсе ўзросты. Настаўнік фізкультуры СШ №2 А. В. Навуменка настройвае сваіх выхаванцаў на аптымальны вынік.
Некаторыя школы, напрыклад, Язвінская і Лаўжанская, зрабілі стаўку на зусім маленькіх спартсменаў. Яны вырашылі абкатаць на сур’ёзных стартах сваіх будучых спартыўных зорак.
І вось першы старт. Адзін кіламетр для меншых і два для старэйшых спартсменаў. Неўзабаве і першы пераможца вызначыўся…
Прызавыя тройкі лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты “Советская Белоруссия”:
сярод спартсменаў 2002-2003 гадоў нараджэння:

першае месца – Настасся Буржынская і Антон Мануйка (абодва з Лаўжанскай школы),
другое – Аляксандра Пятрова (СШ №2) і Аляксандр Галавачоў (Мікіціхінская СШ),
трэцяе – Альбіна Бучкіна (Амбросавіцкая школа) і Марат Арцёменка (Мішневіцкая школа);
сярод спартсменаў 2000-2001 гадоў нараджэння:
першае месца – Рэната Ахтарыева  і Іван Мельнік (абодва з Язвінскай школы),
другое – Кацярына Гарохава (СШ №2) і Валерый Махноў (Язвінская школа),
трэцяе – Надзея Палікіна і Раман Анціпаў (абодва з Лаўжанскай школы);
сярод спартсменаў 1998-1999 гадоў нараджэння:
першае месца – Кацярына Маслюкова (СШ №1) і Уладзіслаў Васілеўскі (Мікіціхінская СШ),
другое – Вольга Гаўрылкіна (СШ №1) і Павел Шчарбакоў (СШ №2),
трэцяе – Святлана Пілімон (Мішневіцкая школа) і Дзмітрый Мельнік (Язвінская школа);
сярод спартсменаў 1996-1997 гадоў нараджэння:
першае месца – Марыя Багданава і Андрэй Лялюга (абодва з СШ №2),
другое – Вікторыя Назарава (СШ №2) і Эльдар Семчанка (Мішне-віцкая школа),
трэцяе – Ігар Градоўскі (СШ №1).
У суботу – лёгкаатлетычную эстафету ў школьнікаў прынялі дарослыя аматары спорту. Пераможцамі кросу сталі Аляксей Арлоў, Алеся Мартынава (абодва з ПМК-70) і Уладзімір Вярлоў.
Арганізавалі крос на Шуміліншчыне аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і ФСК “Здароўе”.
Шлях да перамогі
19 красавіка. Шумілінскія валейбалісты Пётр Лазука і Дзяніс Кляцкоў у складзе зборнай вобласці (галоўны трэнер зборнай – трэнер Шумілінскай ДзЮСШ Аляксей Паршыкаў) па валейболе сталі чэмпіёнамі рэспублікі. Дарэчы, за апошнія 17 год зборная Прыдзвіння па валейболе ўпершыню  выйграла першынство рэспублікі сярод спартсменаў-юнакоў.
У фінальнай сустрэчы нашы землякі з лікам 3:0 упэўнена абыграла валейбалістаў з Гродзенскай вобласці, якія апошнія гады мелі лідарскія пазіцыі. Лепшым іграком першынства стаў наш зямляк Пётр Лазука. Першынство праходзіла ў Віцебску.
Першым трэнерам чэмпіёнаў была Любоў Бабова, якая набірала хлопчыкаў з пачатковых класаў у валейбольную секцыю.
Потым каманду трэніраваў Анатоль Завадскі. Менавіта ён падводзіў юных спартсменаў да галоўных спартыўных стартаў, фарміраваў дух пераможцаў, у гэты час вызначаюцца лідары як на пляцоўцы, так і за яе межамі. Такі вынік дасягнуты дзякуючы ўзаемаразуменню паміж трэнерамі, спартсменамі і іх бацькамі.
У сярэдзіне сакавіка зборная нашага раёна ў прыгожым стылі выйграла першынство вобласці па валейболе сярод спартсменаў 1997-1998 гадоў нараджэння. На базе нашай каманды была сфарміравана зборная вобласці, а галоўным трэнерам прызначаны шумілінскі трэнер Аляксей Паршыкаў.
У красавіку зборная вобласці па валейболе пад кіраўніцтвам Аляксея Паршыкава пачала трэніровачны збор. Кандыдатамі ў асноўную каманду трапілі Пётр Лазука, Антон Сілін, Мікіта Паўлікаў, Дзяніс Кляцкоў і Аляксей Аляшкевіч. Перад камандай пастаўлена задача – выйграць першынство рэспублікі. І з гэтай задачай галоўны трэнер і каманда бліскуча справіліся.
Удалае выступленне
У Бешанковічах прайшоў рэспубліканскі турнір па валейболе, у якім бралі ўдзел спартсменкі 2000-2001 гадоў нараджэння. За перамогу змагаліся каманды з Шуміліна, Бешанковіч, Віцебска і Гомеля.
Бліскуча выступіла на турніры наша каманда (трэнер Людміла Харкавец): атрымала перамогу ва ўсіх сустрэчах (саперніцам аддалі толькі адну партыю) і ўпэўнена выйграла спаборніцтвы. Лепшымі на пляцоўцы былі Вераніка Несцярэнка, Ірына Варанцова і Ірына Пяткевіч. Таксама трэнер называе ўдалым дэбют Ксеніі Нікуленкі, Аліны Ягоравай і Кацярыны Лемешавай.
Грэка-рымская барацьба
Гродна прымала ўдзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе “Алімпійскія дні моладзі”.
У складзе каманды Віцебскай вобласці выступалі два обальскія барцы, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка, – Уладзіслаў Грачухін і Кірыл Драздоў. У вагавой катэгорыі 69 кг бронзавым прызёрам стаў Уладзіслаў Грачухін, у Кірыла Драздова пятае месца (вагавая катэгорыя 42 кг).
У Гарадку прайшоў турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці А. Дарошчанкі.
На спаборніцтвах парадавалі вынікамі обальскія і шумілінскія барцы. У обальскіх спартсменаў, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка, чатыры прызавыя месцы: першыя месцы ў Ягора Ганушчанкі (вагавая катэгорыя 47 кг) і Кірыла Бандарэнкі (вагавая катэгорыя 66 кг), трэція – у Антона Нігматдзянава (вагавая катэгорыя 32 кг) і ў Яўгена Грачухіна (вагавая катэгорыя 53 кг).
Не засталіся без прызавых месцаў і барцы з Шуміліна (трэнер Юрый Сцяпанаў). У вагавой катэгорыі 59 кг першае месца ў Арцёма Ізафілава, у вагавой катэгорыі 53 кг другое месца ў Максіма Ільюшчанкі, у вагавой катэгорыі 35 кг трэцяе месца ў Ігната Гудкова.
Мнагабор’е
На мінулым тыдні ў райцэнтры прайшлі спаборніцтвы фізкультурна-спартыўнага комплексу “Абаронца Айчыны”. Спаборніцтвы ўключалі стральбу, бег на 100 м і 3 км, штурханне гранаты і падцягванне.
У камандным заліку перамаглі хлопцы з СШ №2 (настаўнік А. В. Навуменка), другое месца ў Слабадской школы (У. А. Кучко), трэцяе – у Мікіціхінскай СШ (А. Я. Асташонак).
Сярод юнакоў 15-16 год прызавая тройка наступная: першае месца – Андрэй Лялюга (СШ №2), другое – Кірыл Бяляеў (раённая гімназія), трэцяе – Уладзіслаў Васільеў (СШ №1).
У старэйшай узроставай групе (юнакі 17-18 год) першае месца ў Кірыла Васільева са Слабадской школы, другое – ва Уладзіслава Арлова з Мікіціхінскай СШ, трэцяе – у Эльдара Семчанкі з Мішневіцкай школы.
Па выніках раённых спаборніцтваў сфарміравана зборная раёна для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, якія пройдуць у Віцебску на пачатку мая.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Турнір устанавіў рэкорд
У Глыбоцкім прафтэхліцэі прайшоў міжраённы шахматны турнір памяці Анатоля Мялешкі, які ў свой час уваходзіў у зборную СССР сярод кадэтаў. Разам з камандай Анатоль выязджаў на чэмпіянат Еўропы, словам, легенда. Таму і прыехала ў Глыбокае  рэкордная колькасць каманд – 13. Не маглі абысці ўвагай турнір і шумілінскія шахматысты.
Спачатку пра дарослых. Найбольш удала правёў турнір Уладзімір Грыбаў, які падзяліў 5-9 месцы (усяго брала ўдзел звыш 50 спартсменаў). І што цікава: ад пераможцы гэтую групу шахматыстаў аддзяляла ўсяго адно ачко, што сведчыла пра ўпарты характар барацьбы. Крыху ніжэй апусціўся ў турнірнай табліцы Алег Далімаеў, але сам шахматыст лічыць красавіцкі турнір памяці Мялешкі для сябе самым, бадай, удалым і плённым. Саступіўшы ў першых турах, Алег  затым знайшоў сваю гульню і ў некаторых партыях згуляў проста бліскуча.
У турніры прымалі ўдзел тры шумілінскія шахматныя надзеі, якіх трэніруе Мікалай Кузьмін. Больш моцна згуляў Герман Папок, набраўшы 3 ачкі. Яму не хапіла ўсяго паўачка для таго, каб скласці канкурэнцыю прызёрам турніру сярод дзяцей. Дастойна выглядалі па ўзроўні гульні Сяргей Шынкевіч і Максім Пашкевіч.
Мікалай МАРОЗ
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *