Захаваць у раёне стабільную экалагічную абстаноўку

Экономика

Захаваць у раёне стабільную экалагічную абстаноўку
Дзяржаўная экалагічная палітыка не можа ажыццяўляцца без захавання суб’ектамі гаспадарання патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, прыняцця эфектыўных мер па недапушчэнні забруджвання навакольнага асяроддзя, захаванні біялагічнай разнастайнасці. Усе гэтыя фактары вызначаюць устойлівае развіццё рэгіёна.
Добраўпарадкаванне
У раёне рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Асноўная нагрузка ў гэтай рабоце ляжыць на сельскіх Саветах дэпутатаў.
З мэтай забеспячэння неабходнага санітарнага стану на воінскіх пахаваннях, грамадзянскіх могілках за імі замацаваны прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна. На ўсіх 169 сельскіх грамадзянскіх могілках наведзены парадак. Сельскія Саветы дэпутатаў прынялі меры па навядзенні парадку на больш чым 4500 індывідуальных падворках (90%). У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.03.2012 г. №100 “Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і занядбаных дамоў у сельскай мясцовасці” вядзецца работа ў дадзеным накірунку: з 58 пустуючых дамоў (на пачатак 2013 года) да 1 верасня прыведзены ў парадак уласнікамі 35, знесена 7; з 58 струхлелых дамоў – 12 прыведзена ў парадак, знесена 20.
У 2012 годзе рэалізаваны мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі для паляпшэння дарожнага пакрыцця вуліц і праездаў, рамонту шахтавых калодзежаў, рамонту і ўстаноўкі агароджаў, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый. Гэтыя мерапрыемствы і сёлета носяць прыярытэтны характар, бо маюць сацыяльную накіраванасць.
Водакарыстанне і ахова водных рэсурсаў
Асноўным, бадай, складальнікам экалагічнай сітуацыі з’яўляецца стан водных рэсурсаў, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюцца насельніцтвам і рознымі галінамі эканомікі. На тэрыторыі раёна 123 дзеючыя свідравіны, 75 – закансерваваны або патрабуюць тампанажу. У 2013 годзе ўдалося затампанаваць 8 артэзіянскіх свідравін (ААТ “Прыазёрны мір”, КУСГП “Ульскі”, ААТ “Ляжні”). Работы вядуцца і цяпер, але вельмі нізкімі тэмпамі.
Не захоўваюцца патрабаванні па арганізацыі і ўтрыманні зон санітарнай аховы (ЗСА) крыніц водазабеспячэння. Так, у раёне распрацаваны толькі 57 ЗСА. Наогул у дадзеным накірунку сельгаспрадпрыемствы не працуюць.
Райвыканкам штогод прымае рашэнні для своечасовай падрыхтоўкі месцаў адпачынку на водных аб’ектах. Сёлета згодна з такім рашэннем праведзены работы па рамонце пад’язных шляхоў, устаноўцы малых архітэктурных форм, уладкаванні туалетаў, кантэйнераў для збору адыходаў, абкосу расліннасці на азёрах Лескавічы і Будавесць. Але варта адзначыць, што абкос расліннасці, ачыстка кантэйнераў праводзіцца нерэгулярна (УП ЖКГ, лясгас). Шумілінскае ПМС не аднавіла альтанку, не ўстанавіла кантэйнер для адыходаў, не ўладкавала стаянку для аўтамабіляў. Не было выканана рашэнне аб уладкаванні месца адпачынку на возеры Разван (ДРБУ-204).
Штогод па выніках кантролю выяўляюцца парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ў частцы ўмоў скідаў сцёкавых вод. Асноўнымі забруджвальнікамі паверхневых вод з’яўляюцца УП ЖКГ (ачышчальныя збудаванні г.п. Шуміліна), КУП “Обальскі керамічны завод” (ачышчальныя збудаванні), ААТ “Лаўжанскае” (МТФ Рашэтнікі). Забруджвальнікамі паверхневых і падземных вод з’яўляюцца жывёлагадоўчыя комплексы (ААТ “Лаўжанскае” і падсобная гаспадарка “Добрынскае” ААТ “Віцебскі КХП”). На абодвух не захоўваюцца праектныя сістэмы збору, транспарціроўкі і ачысткі гноевых сцёкаў. Увядзенне біялагічных збудаванняў па апрацоўцы гноевых сцёкаў комплексу ў ААТ “Лаўжанскае” планавалася ў 2012 годзе, але з-за адсутнасці фінансавання яны не здадзены дагэтуль.
На тэрыторыі раёна 12 фермаў знаходзіцца ў водаахоўных зонах.
Праблема ачысткі ферм ад арганікі застаецца вострай, нягледзячы на прымаемыя меры. У бягучым годзе да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты КУСГП “Ульскі”, КУСП “Мішневічы”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, ААТ “АграБаравінка”.
У той час, як узмацняецца кантроль за рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў, на многіх сельгасаб’ектах цякуць воданапорныя вежы. За нерацыянальнае выкарыстанне вады сёлета да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 21 службовая асоба і 3 юрыдычныя асобы. Агульная сума штрафаў склала 8,75 мільёна рублёў.
Г. КІСЯЛЕВІЧ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *