Женский волейбольный турнир прошёл в Шумилинской ДЮСШ

Новости Спорт

Расчараванне адных, радасць другіх
У суботу ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны міжнародны турнір па валейболе сярод дзяўчат 1998 года нараджэння.   У турніры ўдзельнічалі пяць каманд – з Шуміліна, Верхнядзвінска, Пскова, Міёраў і Бешанковічаў.
На жаль, можна сказаць, гэтыя спаборніцтвы прайшлі без нашых валейбалістак, якія ў першай сваёй сустрэчы выйгралі ў бешанковіцкай каманды. І на гэтым – усё. Хаця як мінімум наша каманда павінна была змагацца за прызавую тройку. Тым больш, што каманду Верхнядзвінска па ўзроўню ніяк нельга аднесці да абласных лідараў. Але ж нашы валейбалісткі на турніры былі празмерна спакойнымі, гулялі зусім без эмоцый і перажыванняў, і лідары каманды зусім не праявілі сябе. У тым жа матчы з Верхнядзвінскам складвалася ўражанне, што проста “плылі па цячэнні”. Як ні спрабавала дастукацца да сваіх выхаванцаў трэнер Людміла Харкавец – усё было дарэмна. Больш-менш годную гульню паказалі Настасся Бядрыцкая і Ірына Пяткевіч. Як вынік, шумілінская каманда на хатнім турніры заняла толькі чацвёртае месца, а прызавая тройка наступная: першае месца – Пскоў, другое – Міёры, трэцяе – Верхнядзвінск.
У нядзелю гулялі зусім юныя валейбалісткі (2001 года нараджэння), для якіх гэты турнір стаў першым у іх валейбольным жыцці. За перамогу змагаліся валейбалісткі з Шуміліна, Бешанковічаў, Верхнядзвінска, Міёраў і Наваполацка.
Зразумела, што дзяўчынкі не паказвалі асаблівых валейбольных ўменняў, затое эмоцый ды жадання гуляць – хоць адбаўляй. Нашу каманду прадстаўлялі  Віталія Масько, Карына Пяткевіч, Каця Лемешава, Даша Катлова, Іра Пяткевіч, Аліна Ягорава, Насця Сівачэнка, Насця Далжанкова, Альбіна Марудава, Арына Філімовіч і Насця Тупікава.
На жаль, фартуна ў нядзелю  была не на баку нашай каманды, хаця ўхвальных слоў на турніры заслужылі Карына Пяткевіч, Каця Лемешава і, безумоўна, капітан каманды Віталія Масько.
Шумілінскія валейбалісткі на турніры занялі другое месца, перамагла каманда з Міёраў. “Поўнасцю задаволена выступленнем дзяўчынак, — падсумоўвае Людміла Харкавец. – Другое месца на першым турніры павінна стаць добрым падмуркам для далейшага росту каманды. Галоўнае, што ёсць каманда, якая хоча іграць і перамагаць”.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *