Льготный кредит на ремонт жилья могут получить и жители Шумилино

Вопрос-Ответ Общество

Адрамантаваць дом хутка і танна – рэальна
Восем год таму выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 75 “Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых пабудоў”. У свеце сённяшняга дня гэта надзвычай рэальная, а галоўнае – выгадная магчымасць жыхарам нашага райцэнтра палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.
Крэдытаванне ажыццяўляе “Беларусбанк”, каардынуе – аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, таму расказаць больш падрабязна пра ўмовы і працэдуру атрымання льготнага крэдыту мы папрасілі кампетэнтных спецыялістаў – намесніка дырэктара ЦБП № 225 г.п. Шуміліна Вольгу  Масько (В. М.) і галоўнага спецыяліста  аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Юлію Зянькову (Ю. З.).
В. М.: Крэдыт, пра якія мы будзем весці гаворку, сапраўды льготны. Сёння наўрад ці знойдзеце больш выгадныя ўмовы крэдыту. Уявіце: крэдыт выдаецца тэрмінам да 10 год пад стаўку 3 працэнты гадавых. Мала таго, пагашэнне ажыццяўляецца роўнымі далямі.
– Хто можа разлічваць на льготны крэдыт згодна з указам №75?
В. М.: Льготны крэдыт на мэты, прадугледжаныя Указам №75, могуць атрымаць працаздольныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек.
Ю. З.: Ёсць тут і важныя ўмовы: па-першае, грамадзяне павінны быць уласнікамі жылога памяшкання, па-другое, іх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям’і не павінен перавышаць двухразовы сярэднямесячны сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з 4-х чалавек, які налічаны за 12 месяцаў. Зараз гэта 3.227.860 руб.
– А ці могуць разлічваць на такі крэдыт пенсіянеры?
В. М.: Калі ўласнікі жылля не працуюць, з іх згоды льготны крэдыт могуць атрымаць члены іх сям’і, з якімі яны сумесна пражываюць.
– Якая максімальная сума крэдыту?
Ю. З.: Максімальны памер льготнага крэдыту – 90% кошту выдаткаў, вызначаных праектна-каштарыснай дакументацыяй. Крэдыт не павінен перавышаць 300-разовы памер базавай велічыні. На сённяшні дзень гэта 45 мільёнаў рублёў.
– З чаго пачаць грамадзяніну, які вырашыў прэтэндаваць на атрыманне льготнага крэдыту на рэканструкцыю ці капрамонт жылля?
Ю. З.: Пытанні ўключэння ў спісы льготнага крэдытавання адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. І пачынаць трэба з наведвання “аднаго акна” райвыканкама. Трэба адразу вызначыць, ці падыходзіць чалавек пад умовы крэдыту: пастаянная праца ў населеным пункце да 20 тыс. чалавек і даход за 12 месяцаў, наяўнасць жылля, якому не менш 15 год. Пасля збору неабходных даведак і падрыхтоўкі непасрэдна праектна-каштарыснай дакументацыі (дарэчы, за асабістыя сродкі грамадзяніна) на рэканструкцыю ці капрамонт жылля ў 15-дзённы тэрмін (у выпадку запыту звестак ад іншых арганізацый – да месяца) райвыканкам прымае рашэнне аб уключэнні грамадзяніна ў спіс льготнага крэдытавання згодна з указам № 75. Пасля дакументы перадаюцца ў “Беларусбанк”.
– І колькі чалавек скарысталі такую магчымасць?
В. М.: З пачатку дзеяння Указа № 75 каля ста чалавек у нашым раёне атрымалі такі крэдыт і палепшылі такім чынам свае жыллёвыя ўмовы.
Ю. З.: А з пачатку гэтага года восем сямей атрымалі льготны крэдыт. Тры сям’і вырашылі патраціць крэдыт на рэканструкцыю жылля, а пяць – зрабіць капітальны рамонт.
Вольга Масько і Юлія Зянькова параілі жыхарам нашага раёна звяртацца за больш падрабязнай інфармацыяй па дадзенаму крэдыту па тэл. 42553, 42966.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №27 ад 08.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *