Грипп? Постельный режим

Здоровье

Пасцельны рэжым і своечасовае інтэнсіўнае лячэнне
Грып – сур’ёзнае захворванне, і пераносячы яго на нагах, мы даем арганізму непасільную нагрузку, з якой ён можа не справіцца. Пасцельны рэжым і своечасовае інтэнсіўнае лячэнне – і праз тыдзень вы ўжо зможаце выходзіць на работу, не баючыся заразіць вірусам калег і знаёмых.
Нагадаем клінічныя прыкметы грыпу. Захворванне ўзнікае раптоўна, хворага пачынае трэсці, у яго рэзка павышаецца тэмпература, з’яўляецца галаўны боль, агульнае недамаганне, пачуццё разбітасці, ламота ва ўсім целе і моцная слабасць, насмарк, пяршэнне ў горле і сухі кашаль. Неадкладна варта выклікаць урача на дом.
Хворага трэба ізаляваць, выдзеліць яму асобны посуд, які пасля ўжывання ежы трэба кіпяціць. Памяшканне, дзе знаходзіцца хворы, пастаянна праветрываюць і праводзяць там вільготную ўборку. Пры доглядзе за грыпуючым трэба насіць чатырохслойную марлевую павязку, якая закрывае нос і рот. Яе часта мыюць і прасуюць гарачым прасам.
Пры прафілактыцы лекавымі сродкамі рэкамендавана прымяненне антыгрыпіну, рэмантадзіну, арпетолу і інш. Добрым сродкам лічыцца аксалінавая мазь. Яна не мае супрацьпаказанняў і можа прымяняцца ў дарослых і дзяцей: 1-2 разы ў суткі змазваюць ёй насавую поласць 20-25 дзён.
Для павышэння супраціўляльнасці арганізму рэкамендаваны вітаміны (С, А і групы В, якія ўтрымліваюцца ў комплексах “Гексавіт”, “Рэвіт”, “Ундэвіт”, у сіропе шыпшыны), а таксама адаптагены расліннага паходжання (экстракт элеўтэракоку, настой і экстракт жэньшэню). Могуць прымяняцца гомеапатычныя прэпараты і сродкі народнай медыцыны (часнок, журавіны, лімоны, цыбуля).
У перыяд эпідэміі пажадана пазбягаць масавага збірання людзей, варта больш гуляць на свежым паветры, не пераахаладжацца, пазбягаць стрэсавых сітуацый, больш адпачываць (спаць не менш 8 гадзін). Харчавацца трэба рэгулярна, ужываць збалансаваную ежу з вялікай колькасцю садавіны і гародніны.
Л. СУХАНАВА, раённы педыятр.
Н. СКРЫПКІНА, памочнік урача эпідэміёлага Шумілінскага РЦГЭ.
Надрукавана ў №4 ад 16.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *